Завершана расследаванне крымінальнай справы, звязанай з атрыманнем хабару за вырашэнне пытання аб прызнанні асобы непрыдатным для праходжання тэрміновай вайсковай службы, паведамляе прэс-служба Следчага камітэта.

Следчым камітэтам выяўлены ўвесь карупцыйны ланцужок: хабарнік, памагаты і хабараатрымальнік. Рашэнне аб завядзенні справы прымалася ўпраўленнем КДБ па Гродзенскай вобласці.

Папярэднім расследаваннем устаноўлена, што загадчык аддзялення хірургіі адной з бальніц Гродна, з'яўляючыся службовай асобай, па просьбе свайго знаёмага выпісаў і перадаў праз яго непраўдзівае заключэнне мужчыну 1992 г.н., які падлягае прызыву на тэрміновую вайсковую службу.

За атрыманне падробленага медыцынскага дакумента хабарадавальнік перадаў пасярэдніку 2500 даляраў ЗША. Пасярэднік ж у сваю чаргу ацаніў паслугі доктара ўсяго ў 50 даляраў ЗША, а астатнія грошы прысвоіў.

Дзеянні доктара кваліфікаваныя як атрыманне хабару, злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі і дапамаганне ва ўхіленні ад мерапрыемстваў прызыву на вайсковую службу; гора-прызыўніка — ухіленне ад мерапрыемстваў прызыву на вайсковую службу; пасярэдніка — падбухторванне і дапамаганне да давання хабару і злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі, дапамаганне ва ўхіленні ад мерапрыемстваў прызыву на вайсковую службу, а таксама махлярства ў частцы завалодання грашыма прызыўніка.

Абвінавачаныя віну ў здзяйсненні злачынстваў прызналі ў поўным аб'ёме і вярнулі прадмет хабару, на які следствам накладзены арышт.

Матэрыялы крымінальнай справы перададзеныя пракурору для накіравання ў суд.

Ва ўстанову аховы здароўя следствам унесена прадстаўленне аб ліквідацыі прычын і ўмоў, якія садзейнічалі ўчыненню злачынства, паведамляе прэс-служба СК.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0