Камэнтар Зьмітра Панкаўца.

У грамадзкім транспарце хваляць апазыцыю і ганяць Лукашэнку. Прычым пэнсіянэры. Дагэтуль трывалае апірышча сёньняшняга кіраўніка дзяржавы. Каб такое сталася магчымым, усяго трэ было адмяніць ільготы.

Еду 19-м аўтобусам міма ўправы Партыі БНФ. Нейкі дзед кажа, што трэба падтрымліваць апазыцыю, якая засела на Варвашэні, бо яна льготаў не адмяніла б. Іншы пэнсіянэр падхоплівае: эх, каб моладзь ізноў выйшла на плошчу, я б пайшоў таксама.

Бабулькі на прыпынку клянуцца больш не галасаваць за Лукашэнку. "На Захадзе для пэнсіянэраў усе ўмовы створаныя, каб яны маглі адпачываць, а ў нас забіраюць апошняе. Цяпер ясна, чаго гэты сядзіць... як яго... Казулін", – кажа адна.

Пэнсіянэры ў момант ператварыліся ў самую незадаволеную ўладай групу насельніцтва. Нават мая бабуля зараклася галасаваць за Лукашэнку, бо дорага стала езьдзіць у Барысаў па лекі! Раней ніякія пераконваньні дзяцей і ўнукаў яе не праймалі.

Калі апазыцыя скарыстаецца з моманту, яна здольная заваяваць новыя сацыяльныя групы. Але ад 17 сьнежня прайшло 10 дзён, а Дэмакратычныя сілы не арганізавалі ніякіх яркіх акцый, каб прапанаваць свае альтэрнатывы эканамічнай і сацыяльнай палітыцы ўладаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?