Падчас аўкцыёну па продажы кватэр у энергазберагальным доме, які прайшоў 26 снежня ў Мінску, цэны ў сярэднім выраслі ў 1,58 разу ў параўнанні з першапачатковай, паведамілі БелаПАН у Мінскім гарадскім цэнтры нерухомасці.

На аўкцыён было выстаўлена 35 кватэр без аддзелкі ў чацвёртым пад'ездзе дома па вуліцы Прытыцкага, 107, па пачатковым кошце 1.023,68 долара за квадратны метр. Усе кватэры былі прададзены. Іх цана склала ад 1.530 да 1.724 долараў за квадратны метр.

Нагадаем, што папярэднія аўкцыёны па продажы кватэр у гэтым доме адбыліся 30 лістапада і 12 снежня. Цэны ў параўнанні з першапачатковымі ўзраслі ў 1,44 і 1,49 разу.

Дзевяціпавярховы панэльны дом плошчай каля 10 тыс. кв. м у мікрараёне Чырвоны Бор быў здадзены ў эксплуатацыю ў верасні. У ім выкарыстана прыточна-выцяжная сістэма вентыляцыі з рэкупіратарамі-цеплаабменнікамі. На кожнай лоджыі змантаваны паветраводы і цеплаабменнікі з пультамі кіравання, якія дазволяць кожнаму жыхару ўстанаўліваць неабходны мікраклімат у кватэры (вільготнасць, тэмпература і іншыя параметры). За кошт дадатковых мерапрыемстваў па ўцяпленні панэляў дома цепластраты зніжаны на 30—50 %. Пры будаўніцтве выкарыстаны сучасныя тэхналогіі падрыхтоўкі аконных праёмаў і ўстаноўкі шклопакетаў.

Першыя аўкцыёны па продажы кватэр у Мінску адбыліся ў ліпені і жніўні 2007 года. Тады цэны на кватэры падчас таргоў узняліся ў 1,5—2,1 разу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?