Хваля пратэстаў пракацілася па Францыі пасля таго, як Вышэйшы адміністрацыйны суд краіны забараніў батлейку, якую традыцыйна рабілі ў памяшканні мэрыі горада Ла-Рош-сюр-Ён, паведамляе сайт catholicnews.org.ua.

Суд палічыў, што калядная батлейка ў мэрыі «пагражае рэлігійнай нейтральнасці» дзяржавы, аднак гэтае рашэнне выклікала адваротны вынік — батлейкі пачалі рабіць у мэрыях многіх іншых гарадоў, у якіх іх раней не ўсталёўвалі.

Многія кіраўнікі гарадоў і органаў мясцовага самакіравання заявілі, што сцэны з фігуркамі Дзевы Марыі, Святога Язэпа і малога Езуса ў яслях адлюстроўваюць хрысціянскую глебу францускай культуры.

Апытанне, якое правяла газета Le Parisien, сведчыць, што 86% з апытаных 12 тысяч яе чытачоў хочуць захаваць батлейкі ў дзяржаўных установах.

Другі чалавек у апазіцыйнай правацэнтрысцкай партыі UMP Наталі Касцюшка-Марызэ, праўнучка Тадэвуша Касцюшкі, заявіла, што прыхільнікі аддзялення рэлігіі ад дзяржавы не павінны быць такімі агрэсіўнымі.

«Не трэба працягваць рэлігійныя войны войнамі за секулярызм», — сказала яна, піша telegraph.co.uk.

Ла-Рош-сюр-Ён знаходзіцца на захадзе Францыі ў традыцыйна каталіцкай правінцыі Вандэя, якая ў часы Французскай рэвалюцыі паўстала супраць Парыжа ў значнай ступені з-за антыкаталіцкіх рэпрэсій новых уладаў. Падчас баёў паміж мясцовымі паўстанцамі і ўрадавымі войскамі горад быў амаль знішчаны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?