Галоўнае ўпраўленне юстыцыі Мінаблвыканкама адмовілася зарэгістраваць грамадскае аб'яднанне «Хрысціянскія дэмакраты Міншчыны». Афіцыйную адмову ў рэгістрацыі падпісала намеснік начальніка ўпраўлення Ірына Цалікавец, паведамляе прэс-служба аргкамітэта партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (БХД). 

Адмова ў рэгістрацыі не стала нечаканасцю для грамадскіх актывістаў. Каментуючы рашэнне чыноўнікаў, кіраўнік Мінскай абласной арганізацыі БХД Павел Пракаповіч звярнуў увагу на бюракратычную працэдуру рэгістрацыі грамадскіх аб'яднанняў. 

«Працэдура выглядае так: пакет дакументаў перадаецца ў галоўнае ўпраўленне юстыцыі, а галоўнае ўпраўленне дае адмову на працягу месяца. Ніякіх сустрэч, удакладненняў ці запытаў, — адзначыў Пракаповіч. — Сцяна бюракратыі: вы нам — дакументы, мы вам — адказ. У выніку ў адным з дакументаў знайшлі тэхнічную памылку, наяўнасць якой мы прызнаем, і час на выпраўленне якой займае прыкладна адну хвіліну. На працягу цэлага месяца ніхто з галоўнага ўпраўлення не звязаўся з намі і не задаў ніякіх пытанняў. Рашэнне пра адмову ў дзяржаўнай рэгістрацыі было прынята ў апошні дзень месячнага тэрміну, на працягу якога ёсць магчымасць выправіць любыя недахопы ў дакументах». 

Як мяркуе Пракаповіч, дзейнасць чыноўнікаў у такіх выпадках скіравана на пошук памылак, каб былі падставы для нерэгістрацыі непажаданых арганізацый. 

Устаноўчы сход ГА «Хрысціянскія дэмакраты Міншчыны» адбыўся ў Мінску 4 кастрычніка, праз месяц былі пададзены дакументы на рэгістрацыю. 

Улады некалькі разоў адмаўлялі ў рэгістрацыі БХД, пасля чаго аргкамітэт партыі неаднаразова спрабаваў легалізаваць сваіх актывістаў праз рэгістрацыю грамадскіх аб'яднанняў розных узроўняў, аднак штораз адказы ўпраўленняў юстыцыі былі адмоўнымі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?