"Выбар між Расеяй ды Эўрапейскім зьвязам — гэта міт, якога не існуе", — заявіў сёньня ў інтэрвію "Ройтэрз" беларускі міністар замежных спраў.

Трэба разумець, што ёсьць яшчэ й міты, якія існуюць. Напрыклад, "саюзная дзяржава" :)

Зрэшты, ня будзем прыдзірацца да сэнсавых пагрэшнасьцяў.

Калі адкінуць дыпляматычную казуістыку, то відавочна, што афіцыйны Менск упарта ня хоча рабіць гэтага выбару. З аднаго боку, няма ніякай ахвоты аддаваць краіну-вотчыну маскоўскім "тлустым катам". Зь іншага боку, Эўропа — мэнтальна чужая, ды яшчэ й рассаднік дэмакратычнай пошасьці.

Хоць і заяўляе міністар Мартынаў пра нязьменнасьць курсу на стратэгічнае партнэрства з Расеяй, насамрэч сёлета, пасьля нафтагазавага шоку, беларуская дыпляматыя перамацала ўсе вэктары. І па "вялікай дузе" шнуравалі, і Брусэлю спрабавалі падміргнуць…

Але на іранскіх "Самандах" ад Масквы не ўцячэш. Гэтак сама і сымбалічная прабірка нафты з Вэнэсуэлы не стварае сапраўднай альтэрнатывы ў пытаньні энэрганосьбітаў. Ну а Эўропа, халера яе бяры, дзяўбе аб вызваленьні палітвязьняў, празрыстых выбарах ды іншых "эфэмэрных пытаньнях". І не зьбіраецца мяняць гэтую лёгіку, колькі б ні заклікаў сп. Мартынаў.

Карацей, дзе селі, там і зьлезьлі. А на фінішы году прыехалі да ахутаных покрывам таямніцы перамоваў з Пуціным, пасьля якіх паліўся залаты крэдытны дождж…

Так што мітам насамрэч ёсьць тое, нібыта можна доўга ды з выгадай балянсаваць між Расеяй ды Захадам, сядзець між двума крэсламі. У выніку Масква, маючы нафту, газ, мора грошай ды рэзэрву часу, мэтадычна прыпірае да сьцяны. А сьцяну ў стасунках з Эўропай збудавалі самі ж.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?