Віцебскія чыноўнікі аслупянелі, пабачыўшы ягоныя шорты, распавёў «Белсату» беларускамоўны моднік і дэндзі Антон Раднянкоў.

Мужчыны, якія сачылі за сваім выглядам, любілі добра апранацца, імкнуліся да лоску ў паводзінах і гаворцы, былі, бадай, у кожную эпоху. Гэтак, багацеі праз шыкоўныя строі любілі даўней падкрэсліваць сваю перавагу над прадстаўнікамі нізкіх саслоўяў. Але з канца XVIII стагоддзя з’явіўся адмысловы тып людзей, для якіх убрацца з густам азначала нешта большае. Маладыя мужчыны пачалі супрацьпастаўляцца пасрэднасці ды некультурнасці багатых буржуа. З моды сышлі раскошныя матэрыялы яскравых барваў і кідкія эксцэнтрычныя ўпрыгожанні. Уся ўвага перанеслася на крой, які мусіў быць бездакорны. Бедная і сярэдняй заможнасці моладзь знарок пачала ўзнаўляць манеры арыстакратаў, каб давесці, што людзі нашмат больш каштоўнейшыя за грошы.

Аслупянелыя чыноўнікі

Адзенне і цяпер можа быць выдатнаю зброяй у барацьбе з «ураўнілаўкаю», саветчынаю i безгустоўнасцю, лічыць Антон. «Мой стыль класічны і стрыманы. Разам з тым мая вопратка правакацыйная», – адзначыў хлопец. Антон, які працуе ў няўрадавай арганізацыі ў Менску, быў адным з арганізатараў афіцыйнай імпрэзы ў Віцебскай вобласці, на якую завіталі і прадстаўнікі мясцовых уладаў. «Я быў тады вядоўцам. На адкрыццё імпрэзы я прыйшоў у пінжаку і шортах. Чыноўнікі аслупянелі ад майго строю, гэта было відаць з іхных твараў, ды, пэўна, падумалі, што я вар’ят. Але цяпер яны ўжо спакойна ставяцца да любых маіх убораў».

Беларускае грамадства патанае ў шэрасці, жыве ў адных стэрэатыпах і комплексах, таму яго трэба штодзень эпатаваць і бянтэжыць, мяркуе маладзён. «А яшчэ мне вельмі падабаецца цытата Гандзі: «Маё жыццё – гэта маё пасланне». Таму я лічу, што ўжо на прыкладзе адзення можна паказаць: шкарпэткі бываюць не толькі шэрыя і чорныя, але і чырвоныя; пінжакі не ўсе жудасныя; можна адзявацца як хочаш, і няважна, як на цябе глядзяць».

Людзі змяняюцца

Антон заўважыў, што апрача чыноўнікаў, стаўленне да ягонай самабытнасці змяняў шмат хто. Сярод іх нават былы спецназавец. Пасля аднаго з семінараў той падышоў да хлопца і выпаліў: «Я звычайна людзей у вузкіх штанах б’ю, але ж ты наш, нармальны».

Тое, што нехта бянтэжыць людзей сваім выглядам, прыносіць больш карысці, чым уплыў на грамадства праз пэўныя ідэі, мяркуе Антон. «Знешне можна здзівіць за тры секунды, і пры гэтым праігнараваць цябе не здолеюць. А на тваю арыгінальную думку большасць не зверне ўвагі, бо яны проста не хочуць думаць».

Дэндзі Антон стаў не адразу. Яшчэ падчас вучобы ў Менскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце ён адзяваўся класічна. Праз пэўны час стыль маладзёна эвалюцыянаваў, і ён з гонарам і справядліва мог назваць сябе дэндзі. «У мяне звычайна чаравікі з перфарацыяй, так званыя «брогі», на нагах, а не кеды фірмы «Converse», як у гіпстэраў. І яшчэ я вельмі люблю гальштукі ды пінжакі», – прызнаўся моднік.

Беларуская мова – гэта ўжо не правакацыя

Размаўляючы стала ў штодзённым жыцці па-беларуску, Антон не лічыць мову яшчэ адною спробаю эпатаваць беларусаў. Хоць выхоўваўся ён у расейскамоўнай сям’і, бацькі выпісвалі яму беларускі часопіс «Вясёлка». У падлеткавым узросце Антон зацікавіўся гісторыяй Беларусі, а большасць кніжак пра нашую мінуўшчыну былі напісаныя па-беларуску. Чытаючы, ён дасканаліў сваю мову.

Антон не памятае таго дня, калі пачаў размаўляць выключна па-беларуску. «Спачатку ты пачынаеш чытаць нешта на роднай мове, потым слухаць беларускія песні, потым нешта спрабуеш напісаць «Укантакце» па-беларуску, потым вакол цябе пачынаюць узнікаць такія ж людзі, і вуаля – ідэальная Беларусь гатовая», – мяркуе хлопец.

Ці дорага быць дэндзі?

З усіх элементаў гардэробу самым важным Антон лічыць абутак, таму і падкрэслівае, што на гэта не шкадуе грошай. А адно з ягоных хобі – гэта чысціць абутак. Дзеля гэтага хлопец накупляў процьму розных крэмаў і шчотак. Адну пару чаравікаў, прызнаўся, ён можа чысціць гадзінамі.

Самога ж адзення ў Антона не так шмат, як можа некаму падацца. Ён падкрэсліў, што калі камбінаваць некалькі рэчаў, то чалавек заўсёды будзе выглядаць па-рознаму: «Пяць пінжакоў памножыць на пяць параў абутку, і на пяць параў штаноў, і на сем параў кашуляў – атрымаецца вялізная колькасць камбінацыяў».

Адзенне Антон купляе ў інтэрнэце на замежных сайтах. Гэтак выходзіць, паводле яго, нават танней, чым набываць у крамах рэчы беларускай вытворчасці. Таму лічыць, што апранацца так, як ён, можа дазволіць сабе кожны.

Дзед Антона — першы справа. Фота з сямейнага архіву

Дзед Антона — першы справа. Фота з сямейнага архіву

У Беларусі ўжо былі дэндзі

Сярод беларускіх дзеячаў дэндзі ўжо былі, заўважыў маладзён. Да іх, паводле Антона, можна аднесці, да прыкладу, Янку Купалу і мастака Язэпа Драздовіча, пра што сведчаць іхныя фатаграфіі ў маладосці. Хлопец лічыць, што ягоны дзед таксама належаў да дэндзі. Той жыў у міжваенны час на хутары ў Заходняй Беларусі ды таксама любіў строіцца ў элегантныя касцюмы, выпраўляючыся на спатканні з дзяўчатамі. «Тады нават шмат хто апранаўся вельмі стылёва, а ў нас дагэтуль у школах вывучаюць вершы тыпу «Я мужык-беларус, пан сахі і касы…» – заўважыў ягоны ўнук.

Беларускі дэндзі Янка Купала. Фота wikipedia.org

Беларускі дэндзі Янка Купала. Фота wikipedia.org

Сярод іншых дэндзі самымі крутымі Антон лічыць Оскара Ўайлда, які, да прыкладу, падкрэсліваў, што мае непатрабавальны густ, бо яму дастаткова найлепшага, ды сучаснага амерыканскага дызайнера Тома Браўна.

Некалі лонданскага дэндзі Джорджa Брамэлa называлі «прэм’ер-міністрам элегантнасці», бо той быў дарадцам англійскага караля ў пытаннях стылю. Сабе ж Антон не хацеў бы ніякіх тытулаў. «Мне гэта зусім не важна. Я дакладна ведаю, што ў пытаннях дасканалага стылю складана быць лепшым за мяне».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?