Пра гэта паведамляецца ў афіцыйным прэс-рэлізе кампаніі.

Галяндзкая кампанія Heineken набывае бабруйскі піўзавод «Сябар». Набыцьцё адбудзецца праз паглынаньне яе матчынай структуры, зарэгістраванай на Кіпры ды ўтворанай пры ўдзеле амэрыканскай інвэст-групы Detroit Investment Ltd. і Міжнароднай фінансавай карпарацыі (IFC). У прэс-рэлізе не паведамляецца пра суму ўгоды. Вядома, што фінансаваньне яе распачнецца ў будучым годзе і завершыцца ў 2012 г.

Рэгіянальны дырэктар Heineken па Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе Ніка Нусмэйер адзначыў, што «гэтая ўгода адпавядае нашай стратэгіі займаньня лідэрскіх пазыцыяў на рынку». «Беларусь — гэта дынамічны рынак і гэта дазволіць стварыць цудоўную плятформу для разьвіцьця нашых брэндаў на такім жа ўзроўні, як і ў Расеі», — паведаміў Ніка Нусмэйер.

Cяргей Левін, прадстаўнік кампаніі «Сябар», ад камэнтароў адмовіўся, спаслаўшыся на адсутнасьць часу.

Нагадаем, што пачынаючы зь вясны не сьціхалі чуткі пра магчымае набыцьцё піваварні «Сябар» буйной замежнай кампаніяй. Найчасьцей называлі Heineken. Паводле інфармацыі ўдзельнікаў рынку, кампаніяй «Сябар» цікавіліся таксама BBH і InBev. Кіраўнік бабруйскага бровару Сяргей Левін не хаваў таго факту, што кампанія вядзе адпаведныя перамовы, але да апошняга адмаўляўся называць магчымага пакупніка і ўмовы продажу піваварні. «Гэта можа быць толькі буйная кампанія» — падкрэсьліваў ён.

25 сьнежня расейскі «Коммерсант» напісаў пра хуткі продаж «Сябра» галяндзкаму Heineken. Аднак зацікаўленыя бакі тады адмовіліся камэнтаваць магчымы продаж бабруйскай кампаніі. «Коммерсант», спасылаючыся на вартую даверу крыніцу ў галоўным офісе Heineken, назваў нават магчымага кіраўніка будучай беларускай дачкі Heineken — Хэнка ван Гэльдэрэна.

Расейскія СМІ назвалі і цану ўгоды. Паводле іх бабруйскі бровар ацэнены на 100 даляраў за гекталітар, гэта значыць — на 60 мільёнаў даляраў (толькі ў мадэрнізацыю піўзаводу «Сябар» цяперашнія акцыянэры ад 2004 г. уклалі каля 35 мільёнаў даляраў). Гэта менш, чым Heineken заплаціў за пакупку ПИТа (160 даляраў за гекталітар), але болей, чым аддаў SUN InBev за «Тинькофф» ($83,75 за гекталітар).

Аналітык Deutsche Bank Аляксей Крывашапка лічыць ацэнку «Сябра» завышанай, аднак, зважаючы на палітычныя рызыкі, зь якімі можа сутыкнуцца замежны бізнэс у Беларусі, называе цану ўгоды апраўданай. У прыклад ставіцца сытуацыя вакол няўдалай спробы расейскай «Балтыкі» прыватызаваць беларускі бровар «Крыніца».

Галяндзкая кампанія Heineken N.V. ўпэўнена прасоўваецца на піўным рынку ня толькі Цэнтральнай, але і Ўсходняй Эўропы. Нядаўна яна набыла сэрбскую півaварную кампанію Rodic Brewery. Аб’ём вытворчасьці гэтай кампаніі складае каля 1,5 млн гекталітраў піва ў год. Гэтае набыцьцё зрабіла Heineken гульцом №3 на сэрбскім рынку, паведаміў Ніка Нусмэйер. У сувязі з гэтым варта адзначыць, што набываючы піваварню «Сябар» Heineken атрымлівае неблагія шанцы і на беларускім рынку. Па выніках бягучага году было ў Бабруйску было прыгатавана 5,08 млн дал піва, што на 50% больш, чым летась. Гэта стала магчымым дзякуючы чарговай рэканструкцыі вытворчасьці. Доля бровару на беларускім рынку складае каля 15%, што дазволіла ёй апынуцца на другім месцы пасьля «Крыніцы». Кіраўніцтва піваварні не хавае сваіх намераў стаць №1 у Беларусі.

СЗАТ «Броварная кампанія «Сябар» утворанае ў 2004 г. Заснавальнікамі зьяўляюцца кампанія Detroit-Belarus Brewing Company LLC (DBBC), утвораная пры ўдзеле амэрыканскай інвэстыцыйнай групы Detroit Investment Ltd. і Міжнароднай фінансавай карпарацыі, і ААТ «Дзеднава» (г. Бабруйск).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?