1. Адключыце галасавую пошту!

Вы гэтага не ведаеце, але вы можаце марнаваць сямейныя грошы на галасавую пошту, нават калі ёй не карыстаецеся.

У абанентаў МТС і velcom па змоўчанні (то значыць, практычна ўсім) аператары ад пэўнага часу падключылі паслугу «Галасавая пошта». Калі вам тэлефануюць, а вы не здымаеце, аператар прапануе пакінуць вам паведамленне на галасавую пошту. А ў таго, хто пачуў аўтаадказнік галасавой пошты, грошы здымаюцца як за хвіліну размовы з вамі. Нават калі ён нічога вам не перадаваў, не запісваў!

Такога не трэба? Проста набярыце нумар ##002# і націсніце «Званок», калі вы абанент МТС, ці *441*1# і «Званок», калі вы абанент velcom. Гэта адключыць галасавую пошту.

Абанентам life:) прасцей — ім аператар не падключае галасавую пошту аўтаматычна, абанент сам павінен асэнсавана яе падключыць.

2. Абярыце правільны тарыф

Тарыф, які ідэальна пасаваў вам год таму, цяпер можа быць страшэнна дарагім у параўнанні з новымі тарыфамі аператара ці тарыфамі яго канкурэнтаў. Аператары паведамляюць аб зменах тарыфаў на сваіх сайтах, але ці часта тое чытаюць?

Надзейнага сродку для аўтаматычнай праверкі тарыфу на эканомнасць няма, ды і анлайн-калькулятары тарыфаў не працуюць дастаткова надзейна (напрыклад, недаацэньваюць дадатковыя пакеты хвілін ці трафіку). Прыйдзецца час ад часу самастойна праглядаць дэталізацыю затрат за некалькі мінулых месяцаў, вылічваць сярэдняе спажыванне хвілін ды мегабайт, а потым вывучаць сайты аператараў.

Для прыкладу, патрэбы аўтара аператар А можа забяспечыць за 90 тысяч на месяц, аператар Б — за 110, а аператар В — за 66.

Праўда, уцякаць ад аператара з-за толькі пары тысяч на месяц можа быць не варта: не забывайце пра розны ахоп тэрыторыі ды розную нагружанасць сеткі ў розных аператараў ды ўласную патрэбу ў тэлефанаваннях у межах сеткі.

Але таксама памятайце, што ўцекчы ад аднога аператара да іншага можна захаваўшы нумар. 

3. «Адбівайце» хвіліны

У Android і некаторых старых тэлефонах ёсць опцыя, якая адных будзе жудасна раздражняць, а іншых уратуе ад растрат.

У наладах знайдзіце «Налады выклікаў», затым «Сігналы пры выкліках» (зноў жа, назвы пунктаў меню могуць адрознівацца), а там уключыце пахвілінны сігнал (minute minder).

Цяпер пры размове вы будзеце штохвіліну чуць бімканне: яно нагадвае вам аб працягласці размовы.

На iOS такая функцыя ёсць, напрыклад, у праграме Call+Data Time Monitor, а на Windows Phone — у Call Timer.

4. Эканомце трафік на карцінках

Можаце не верыць, але вы здольныя спажываць у два разы меней мегабайтаў на мабільным інтэрнэце. Пры гэтым не трэба ні ў чым сабе адмаўляць.

Уключыце сцісканне карцінак у Chrome (завецца «Скарачэнне трафіку»), Opera (функцыі «Off-road» ці «Opera Turbo») ці UC Browser («Сцісканне звестак»). Зніжэння якасці карцінак вы амаль не заўважыце.

Гэта не дапаможа, калі вы глядзіце з мабільнага інтэрнэту відэа, але ў іншым выпадку зэканоміць ад 20% да 80% трафіку.

Дарэчы, у Windows Phone гэтая функцыя «зашытая» ў саму сістэму і стандартны браўзер: у праграме «Кантроль звестак» знайдзіце пункт «Эканомія звестак у браўзеры».

5. Тэлефануйце не па тэлефоне

Пры наяўнасці безлімітнага інтэрнэту праз Wi-Fi у абодвух суразмоўцаў выгадней будзе тэлефанаваць праз спецыяльныя праграмы кшталту Skype ці Viber.

Праўда, пры выкарыстанні мабільнага інтэрнэту адным з суразмоўцаў эканомія пад пытаннем.

Тым не меней, доўгія размовы лепей весці праз інтэрнэт, калі абодва суразмоўцы маюць і так аплочаны безлімітны інтэрнэт.

Што дакладна, дык гэта тое, што праз згаданыя праграмы таней тэлефанаваць за мяжу ў многія краіны свету. Напрыклад, Viber дазваляе патэлефанаваць у ЗША за 200 рублёў на хвіліну, у мабільных аператараў хвіліна ў ЗША каштуе каля 10 тысяч.

6. Пішыце SMS праз інтэрнэт

Сацсеткі ды праграмы кшталту Skype і Viber усё яшчэ не забілі старыя добрыя SMS.

Што цікава, беларускія аператары дазваляюць абменьвацца SMS бясплатна праз свае сайты.

Зручна тое, што SMS дойдзе да абанента нават тады, калі ў яго няма інтэрнэту.

Не зручна ж тое, што паслугу атрымання SMS з інтэрнэту трэба яшчэ падключыць. Дый колькасць такіх SMS на дзень абмежаваная.

Глядзіце падрабязнасці і адсылайце SMS на сайтах аператараў: МТСvelcomlife:).

7. Кантралюйце трафік і бясплатныя хвіліны

Асобным пунктам ідуць паслугі, уключаныя ў тарыфны план: бясплатныя хвіліны, мегабайты і SMS. Зручная штука, калі яны ёсць. Але заўважыць, што яны скончыліся, не так проста.

Даведацца аб тым, колькі бясплатнага засталося, можна тымі ж USSD-кодамі: той самы *100# у МТС, *100*1# у velcom, *105# у life:). Можна і з дапамогай згаданых вышэй праграм.

Ну а самае цяжкое для адсочвання, інтэрнэт-трафік, можна выдатна кантраляваць на любых смартфонах.

На Android зайсці ў налады, а там знайсці пункт «Мабільны трафік», «Сотавыя даныя» ці «Выкарыстанне звестак» (у розных тэлефонах завецца па-рознаму) ды выставіць ліміт і папярэджанне аб набліжэнні да ліміту.

На iOS у наладах ёсць падменю «Сотавыя звесткі», дзе можна пабачыць, колькі трафіку скарыстана, але ўсталяваць ліміт можна толькі пабочнымі праграмамі.

А на Windows Phone у стандартнай праграме «Кантроль звестак» можна і выставіць ліміт трафіка, і забараніць фонавую перадачу звестак пры набліжэнні да ліміту.

І яшчэ: калі вы падключаеце ці адключаеце нейкую паслугу (напрыклад, дадатковы пакет хвілін), дачакайцеся пацверджання аператара, каб не пачаць спажываць паслугі па старой цане.

8. Не вядзіцеся на махлярствы

Гэта нават не парада, а ўніверсальнае правіла для ўсяго жыцця, не толькі мабільнага.

«Адашліце SMS на кароткі нумар і выйграйце мільён», «ваш камп’ютар быў заблакаваны за прагляд порна, перавядзіце штраф на рахунак такі і такі», «спампуйце Opera Mini бясплатна з нашага сайта»… Шляхоў махлярства безліч, нямала і махляроў.

Перад любым дзеяннем, якое можа каштаваць грошы, спытайцеся ў сябе, ці ведаеце вы, колькі тое каштуе.

Напрыклад, праверыць цэны паслуг па кароткіх нумарах можна на сайтах аператараў: МТСvelcomlife:).

9. Сачыце за балансам

Нават калі вы ўпэўненыя, што не павяліся на махлярствы, вы маглі патраціць лішнія грошы на тэлефанаванні ці інтэрнэт. Асабліва ўважлівым (і лаканічным) трэба быць падчас міжнародных тэлефанаванняў.

Каб праверыць, колькі вы ўжо патрацілі, можна набраць усім вядомы USSD-код *100#.

Можна таксама даведацца, колькі і на што вы патраціліся ў мінулым месяцы — найпрасцей тое рабіць праз інтэрнэт-памочнікі аператараў: МТСvelcomlife:).

Смартфоны дазваляюць хутка атрымліваць усю інфармацыю пра баланс праз спецыяльныя праграмы, напрыклад, BalanceBY для Android, БайБаланс для iOS ці Мой Баланс для Windows Phone.

* * *

Вы спрактыкавалі іншы добры спосаб эканоміі на тэлефоне? Падзяліцеся ім у каментах!

Клас
2
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
1

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?