У Беларусі гэты працоўны тыдзень будзе для многіх даўжэйшы, чым звычайна: працоўны дзень з 26 снежня пераносіцца на суботу 20 снежня, нагадвае БелТА.
Гэты перанос прадугледжаны ў сувязі са святкаваннем 25 снежня каталіцкага Раства.
Разам з тым арганізацыям дадзена права з улікам спецыфікі вытворчасці (працы) ажыццяўляць перанос рабочых дзён у іншым парадку ў адпаведнасці з заканадаўствам.
Атрымліваецца, што гэты працоўны тыдзень будзе шасцідзённы. Затое на наступным тыдні можна будзе як след адпачыць — наперадзе 4 выходныя дні (25—28 снежня).
Як раней паведамлялася, у адпаведнасці з зацверджаным Саветам Міністраў Беларусі графікам пераносу працоўных дзён у 2015 годзе, працоўны дзень з пятніцы 2 студзеня пераносіцца на суботу 10 студзеня.
І значыць, на Новы год выходнымі будуць 1, 2, 3 і 4 студзеня.
Адзінае, што, як сказалі ў Мінадукацыі, школы самі павінны вырашаць: вучыцца 26 снежня (пятніца) ці не. У выпадку станоўчага вырашэння пытання, школьныя канікулы пачнуцца ўжо 25 снежня, а не 29-га.