Нацыянальным банкам Рэспублікі Беларусь зацверджаны Пералік памятных манет, якія плануюцца да выпуску на 2015 год. Такое рашэнне прынята пастановай Праўлення Нацыянальнага банка ад 08.12.2014 № 758, у адпаведнасці з якой у наступным годзе плануецца выпусціць 9 найменняў памятных манет Нацыянальнага банка.

Так, у сувязі са святкаваннем знакавай гістарычнай падзеі – юбілею Перамогі — Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь плануе выпусціць манету «70 гадоў Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне».

Акрамя таго, у наступным годзе ўвесь праваслаўны свет будзе святкаваць 1000-годдзе смерці святога роўнаапостальнага князя Уладзіміра, які 1 жніўня 988 г. прызначыў дзень усенароднага Хрышчэння ў водах Дняпра, дзе і адбылося Таінства святога Хрышчэння. Нацыянальным банкам прадугледжаны выпуск у абарачэнне манет, прысвечаных гэтай памятнай даце.

Серыя памятных манет «Умацаванне і абарона дзяржавы» будзе працягнута выпускам манет «Мікалай Радзівіл Чорны», 500-годдзе з дня нараджэння якога будзе адзначацца ў 2015 годзе.

Напярэдадні 2016 года ў працяг серыі «Кітайскі каляндар» будзе выпушчана памятная манета «Год Малпы». Таксама будзе працягнута серыя памятных манет «Задыякальны гараскоп» выпускам памятных манет, прысвечаных знакам задыяка: «Шалі (Libra)», «Скарпіён (Scorpio)», «Стралец (Sagittarius)», «Рак (Cancer)», «Леў (Leo)», «Дзева (Virgo)».

З улікам папулярнасці беларускага балета і цікавасці, якая праяўляецца да гэтай тэматыцы з боку як нашых грамадзян, так і замежных нумізматаў, у Пералiк на 2015 год уключаны памятныя манеты «Беларускі балет. 2015».

Стала ўжо традыцыяй выпускаць памятныя манеты, прысвечаныя Птушцы года, якую вызначае грамадскае аб’яднанне «Ахова птушак Бацькаўшчыны». У 2015 годзе такой птушкай будзе «Вушатая сава».

Напярэдадні 500-годдзя выхаду Бібліі Францыска Скарыны Нацыянальны банк пачынае выпуск памятных манет серыі «Шлях Скарыны».

У 2015 годзе будуць выпушчаны ў абарачэнне дзве манеты: «Шлях Скарыны. Полацк» і «Шлях Скарыны. Кракаў». Усяго ж у рамках гэтай серыі ў 2015–2017 гг. плануецца выпусціць 5 манет з адлюстраваннем гарадоў, у якіх жыў і працаваў Францыск Скарына (Полацк, Кракаў, Падуя, Вільня і Прага).

З 1 студзеня 2015 г. у адпаведнасці з дагаворам, падпісаным прэзідэнтамі Рэспублікі Беларусь, Рэспублікі Казахстан і Расійскай Федэрацыі 29 мая 2014 г. у г. Астане, пачынае функцыянаваць Еўразійскі эканамічны саюз (ЕАЭС). Зыходзячы з гістарычнай значнасці гэтай падзеі, у снежні 2015 г. усімі краінамі – удзельніцамі ЕАЭС плануецца сінхронны выпуск памятных манет, прысвечаных утварэнню Еўразійскага эканамічнага саюза.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?