Як распавёў «Нашай Ніве» навуковы рэдактар сайту Пятро Жаўняровіч, сайтам не займаліся з дзесяць год, а стваральніца сайту ўвогуле з’ехала ў іншыя мясціны. Сам Жаўняровіч не мае доступу да сайту, але абяцаў зкантактавацца з кампаніяй IATP, якая прадстаўляла хостынг.
«Сайт у прынцыпе састарэў, бо зараз пачаў выдавацца новы збор твораў», — распавядае Жаўняровіч. Тыя тэксты, што размешчаныя там, ужо не лічацца арыгінальнымі».
Жаўняровіч сумняецца, што сайт будзе адноўлены. А для стварэння новага сайту і размяшчэння на ім актуальных тэкстаў трэба згода праваўладальніка, пляменніцы Уладзіміра Караткевіча.
Тэксты з новага выдання адрозніваюцца ад выдадзеных у савецкія часы. «Яны зусім па-іншаму чытаюцца», — дадае Жаўняровіч. Ён кажа, што ўсё выпраўленае савецкай цэнзурай было выпраўлена ў бок арыгіналу.
Новы 25-томнік Караткевіча выходзіць з 2011 года. Вядома, што ў «Ладдзі роспачы» цэнзар зрабіў 296 правак. Цяпер твор даступны ў сваім аўтарскім варыянце.
Старая версія сайту Караткевіча дасяжная праз сервіс Internet Archive.
Знікненне сайта Караткевіча нагадвае пра вялікую праблему нашага часу: захавання культурнай спадчыны ў камп'ютарную пару. Яна даступная, пакуль нехта плаціць за хостынг. Як толькі няма аплаты, тэксты знікаюць. Праблемай павінна заапекавацца дзяржава, але пакуль бібліятэчная сістэма па-старому арыентуецца на друкаваную прадукцыю.