У сталіцы Казахстана Сарыаркінскі раённы суд №2 пачаў разгляд па крымінальнай справе ў дачыненні да 30-гадовага грамадзяніна Казахстана Яўгена Удавенкі, які ваяваў на баку луганскіх сепаратыстаў на ўсходзе Украіны.

Пра гэта ў пятніцу, 12 снежня, паведамляе казахстанскі партал Nur.kz.

Паводле абвінаваўчага прысуду, Удавенка ўдзельнічаў у баях на ўсходзе Украіны, ужываў зброю, ахоўваў блокпасты, патруляваў Луганск і выконваў іншыя даручэнні. Такім чынам абвінавачваны, які з'яўляецца грамадзянінам Казахстана, «наўмысна і неправамерна ўдзельнічаў у баявых дзеяннях на тэрыторыі замежнай дзяржавы», што з'яўляецца злачынствам паводле казахстанскага Крымінальнага кодэксу.

Па словах пракурора Даўрэна Ашымава, пасля падзей у Адэсе ў маі 2014 года Удавенка вырашыў паехаць ва Украіну і ваяваць на баку сепаратыстаў. З дапамогай «Вконтакте» ён звязаўся з асобамі, не усталяванымі следствам, і 25 мая выехаў цягніком з Астаны ва Уральск. Пасля гэтага Удавенка перасёк мяжу, даехаў да Самары, а адтуль да Растова-на-Доне.

Далей Удавенка далучыўся да групы, якая складалася прыкладна з 30 чалавек, і разам з ёй наўмысна і незаконна перасёк мяжу Расіі і Украіны, пасля чаго адправіўся ў Луганск для праходжання курсу першапачатковай ваеннай падрыхтоўкі.

Абвінавачваны часткова прызнаў сваю віну. Пры гэтым на пасяджэнні суда ён адмаўляў які-небудзь намер ў здзяйсненні злачынства.

«Не забіваў, не падрываў. Перастрэлкі былі, але я далёкі ад гэтага, нават у войску не служыў. Мне страшна было», — заявіў ён. Удавенка адзначыў, што рашэнне ваяваць за сепаратыстаў прыняў самастойна і нікому пра гэта не паведаміў.

«Нам тлумачылі, тым, хто не служыў у войску, нібы тэхніку бяспекі, каб мы не высоўвалі галовы, не наступалі на міны, паказвалі, як выглядаюць міны. Пасля чаго паехалі ў горад Луганск. Там я быў недзе месяц. Горад быў акружаны з трох бакоў. У самым Луганску разносілі пару разоў гуманітарку, тушылі пажар, лавілі дыверсантаў», — распавёў абвінавачваны.

Па словах Удавенкі, ён знаходзіўся ва Украіне прыкладна 70 дзён, пасля чаго захварэў на бранхіт і вырашыў вярнуцца дадому. З кастрычніка ён знаходзіцца пад арыштам.

Па артыкуле 163 Крымінальнага кодэкса Казахстана, за найміцтва можна атрымаць турэмны тэрмін аж да пажыццёвага. Таксама, згодна з гэтым артыкулам, злачынствам з'яўляецца неправамерны ўдзел ва ўзброеных канфліктах або ваенных дзеяннях на тэрыторыі замежнай дзяржавы, нават калі прыкмет наёмніцтва не было. За гэта злачынства можна атрымаць пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам да сямі гадоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?