Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усёй Беларусі Павел не адмаўляецца ад планаў вывучыць беларускую мову.

Пра гэта кіраўнік БПЦ паведаміў сёння журналістам.

«Калі я сюды прыехаў, то адразу загрузіўся кнігамі і падручнікамі. Думаў: усё, цяпер буду вучыць. І ў мяне не прапала гэта жаданне,

але ёсць вялікая спакуса. Усе гавораць па-руску. І думаеш: пазней, потым…», — сказаў мітрапаліт.

Ён успомніў аб сваім служэнні ў іншых краінах, дзе яму трэба было гутарыць на англійскай. Паводле архірэя, ён проста вымушаны быў гэта зрабіць, калі трапіў у цалкам англамоўнае асяроддзе. «Вось тут я вымушаны быў і гаварыць па-англійску, і служыць, і прапаведаваць», — адзначыў кіраўнік БПЦ.

Мітрапаліт дадаў, што ўжо вельмі добра разумее беларускую, але пакуль што яму цяжка размаўляць самому.

«Абавязкова буду займацца беларускай мовай, бо я бачу, як людзі рэагуюць, калі з імі размаўляеш на роднай мове», — адзначыў экзарх.

Акрамя таго, ён адзначыў, што мова можа як аб'ядноўваць людзей, так і раз'ядноўваць. «Вельмі яркі для нас прыклад — нашы суседзі ва Украіне. Мова з'явіўся чыннікам падзелу», сказаў ён.

Мітрапаліт звярнуў увагу, што, напрыклад, у ЗША ўжываюцца дзве мовы: іспанская і англійская. Ніхто не прапануе з заўтрашняга дня пачынаць гаварыць на нейкай адной. Яшчэ адзін прыклад — Швейцарыя, дзе выкарыстоўваецца чатыры мовы.

«Спробы падзелу людзей (на моўнай глебе) трэба спыняць на самым пачатковым узроўні. Дзякуй Богу, што ў нас у Беларусі такога няма.

Хоць я часам бачу спробы з боку некаторых людзей. Але і кіраўнік дзяржавы, і ўрад трымаюць сітуацыю пад кантролем», — падкрэсліў архірэй.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?