Правядзенне рэферэндуму па Канстытуцыйным акце Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі не абмяркоўваецца ўжо некалькі гадоў. Аб гэтым у інтэрв’ю БелаПАН паведаміла старшыня Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзія Ярмошына.

«Размова аб рэферэндуме па Канстытуцыйным акце цяпер не ідзе, як не ішла яна і раней. Усе выказванні наконт гэтага былі гіпатэтычнымі. Канкрэтнай размова стане тады, калі Цэнтрвыбаркаму даручаць скласці каштарыс, колькі будзе каштаваць рэферэндум. Нічога падобнага ніколі не адбывалася», — паведаміла яна.

Нагадаем, 7 снежня радыёстанцыя «Эхо Москвы» паведаміла, што ў час візіту прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна 13—14 снежня ў Беларусь будзе падпісаны Канстытуцыйны акт, які абвяшчае Саюзную дзяржаву. Паводле інфармацыі крыніц радыёстанцыі, У.Пуцін стане прэзідэнтам Саюзнай дзяржавы пасля таго, як пакіне пасаду прэзідэнта Расіі. Аляксандр Лукашэнка ўзначаліць саюзны парламент.

Вечарам 12 снежня ў Мінску прадстаўнікі апазіцыі правялі акцыю ў абарону беларускага суверэнітэту. Некалькі дзесяткаў чалавек з бел‑чырвона‑белымі сцягамі сабраліся на Кастрычніцкай плошчы сталіцы, скандуючы лозунгі «Жыве Беларусь!» і «Ніякіх саюзаў з імперскай Расіяй!». Акцыю разагналі байцы палка міліцыі спецыяльнага прызначэння, пры гэтым адзін з яе ўдзельнікаў атрымаў сур’ёзныя траўмы.

На прэс‑канферэнцыі 20 снежня старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Вадзім Папоў заявіў, што ў распрацаваным варыянце Канстытуцыйнага акта адсутнічае пасада прэзідэнта і віцэ‑прэзідэнта.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0