Запрашаем настаўнікаў гісторыі і краязнаўцаў да ўдзелу ў прэзентацыі дыска для вучняў старэйшых класаў «Беларусь падзеленая і аб’яднаная: 1939 год у вусных успамінах». Мерапрыемства адбудзецца 21 снежня 2014 года ў г. Мінску з 14.00 да 16.00.

«Беларусь падзеленая і аб’яднаная: 1939 год у вусных успамінах» – унікальны навучальны прадукт, прысвечаны беларускай гісторыі міжваеннага часу (1921-1939 гг.) і падзеям 17 верасня 1939 года, калі Заходняя Беларусь была далучана да БССР і адбылося аб'яднанне Беларусі ў сучасных межах. Аснову дыска складаюць больш за 80 урыўкаў з аўтэнтычных відэа- і аўдыяінтэрв'ю са сведкамі часу (больш за 30 асоб, старэйшых за 80 гадоў), экспертамі і заданні да іх. Выключны па сваёй цікавасці матэрыял адлюстроўвае жывую гісторыю – дэталёвыя апісанні бытавых сітуацый, трапныя ацэнкі сведкамі тагачасных падзей, шчырыя эмоцыі, жывыя вобразы, непаўторную мову. Меркаванні відавочцаў будуць карысным дадаткам да факталагічнай інфармацыі па тэме на ўроку па гісторыі Беларусі. Яны дапамогуць зразумець стаўленне простых жыхароў беларускіх тэрыторый да лёсавызначальных гістарычных перамен.

Дыск змяшчае шматлікія дадатковыя навуковыя і метадычныя матэрыялы – фотаздымкі, копіі дакументаў, карты, транскрыпты да ўспамінаў і біяграфіі сведак часу, а таксама матэрыялы па вуснай гісторыі, гласарый, храналагічную шкалу, карту паходжання сведак часу ды інш. У камплект уваходзіць брашура для настаўнікаў з метадычнымі парадамі і адказамі да заданняў.

Дыск прызначаны для выкарыстання настаўнікамі на ўроках па гісторыі Беларусі і ў пазакласнай працы, а таксама для ўсіх, хто цікавіцца гісторыяй Беларусі.

Матэрыялы падрыхтаваныя ў межах інтэрнэт-праекта «Беларускі архіў вуснай гісторыі» (http://www.nashapamiac.org/).

На прэзентацыі Вы:

· даведаецеся, чаму для заняткаў з вучнямі карысныя вуснагістарычныя матэрыялы, як ствараўся гэты ўнікальны дыск, адбіраліся матэрыялы да яго, рыхтаваліся заданні;

· будзеце першымі, хто пазнаёміцца і паспрабуе папрацаваць з гэтым навучальным прадуктам, і зможа пракаментаваць вынік;

· атрымаеце дыск з парадамі для настаўнікаў па выкарыстанні на ўроках.

Калі вы хочаце паўдзельнічаць у гэтым мерапрыемстве, калі ласка, дасылайце заяўкі з пазначэннем кантактнай інфармацыі і матывацыі ўдзелу на адрас [email protected] да 18 снежня 2014 года. Арганізатары аплочваюць праезд (па наяўных квітках) і пры неабходнасць пражыванне (у такім выпадку просьба падаваць заяўку да 16 снежня)

Тэлефон для кантактаў: + 375 29 144 83 10 (Ірына)

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0