На сайце milinkevich.org даступная таксама відэавэрсія звароту.

Дарагія суайчыннікі! Шаноўныя сябры!

Каляды і Новы год – гэта цёплае сямейнае свята. Таму я вельмі хачу звярнуцца да нашай вялікай сям’і – да беларускага народу.

Гісторыя чалавецтва сведчыць, што для развіцця і росквіту патрабуюцца свабода, грамадскі мір, павага да чалавека, добрыя умовы для эканамічнай дзейнасці і прыватнай ініцыятывы, добрыя адносіны з суседзямі. Гэта дае магчымасці для самарэалізацыі, дазваляе прыцягнуць інвестыцыі, мець сучасныя тэхналогіі, знаходзіць новыя рынкі.

Ня трэба навязваць іншы шлях нашаму народу. Ня варта шукаць унутраных ворагаў, дзяліць беларусаў на “сваіх” і “чужых”. Нельга прыніжаць чалавечую годнасць. Немагчыма заганяць Беларусь ў ізаляцыю ад цывілізаванага свету.

Мінулы год быў годам складаным. Улада ўсё менш адстойвала інтарэсы грамадзянаў Беларусі. Былі пазбаўленыя ільготаў пэнсіянеры, студэнты, чарнобыльцы, непрацаздольныя людзі. Улада не выканала сваіх абяцанняў. Моладзь не можа нармальна вучыцца, знаходзіць годную працу. Кантракты не абараняюць, яны ствараюць атмасферу страху ў грамадстве. Заробкі не паспяваюць за цэнамі. Сёння становіцца ўсё цяжэй сумленна працаваць і карміць сям’ю. Пенсіянерам абяцалі павялічыць пенсіі ў два разы. Дзе гэта?

Кожны народ прагне лепшага для сваёй Айчыны. Гэтаксама і беларусы. Я веру ў лепшы і светлы лёс нашай краіны. Мы - еўрапейская нацыя - хочам годна жыць, з верай, надзеяй і любоўю будаваць свой дом, ствараць сям’ю, расціць дзяцей.

У нас багатая гісторыя, выдатная культура. Беларусь – гэта Сьвятое! Яна вельмі дарагая для нас. Нельга прадаваць краіну за танныя крэдыты. Мы дамагліся сваёй дзяржавы. У 2008 годзе мы ўсе святкуем 90 утварэння Беларускай Народнай Рэспублікі - БНР. Гэта будзе год ушанавання нашай дзяржаўнасці.

Беларусы, размаўляйце на нашай мове, шануйце нашу культуру, набывайце беларускае, чытайце нашае слова, слухайце вольнае радыё і глядзіце тэлевізійны канал “Белсат”.

Нам, беларускаму незалежнаму грамадству, трэба рабіць усё, каб і надалей прымушаць уладу прызнаць нас, нашыя інтарэсы, нашыя каштоўнасці, наш еўрапейскі выбар для Беларусі. Праўда і дух продкаў за намі!

Я хачу, каб кожны Новы Год незалежнасці нашай краіны быў годам яе росквіту, годам, калі збываюцца надзеі, калі ў хатах цяпло і святло, багаты стол, а пад ёлкай чакаюць шчодрыя падарункі.

Дарагія суайчыннікі! Ад шчырага сэрца жадаю моцнага здароўя і шчасця, дабрабыту і любові вам і вашым сем’ям!

З Новым Годам! Жыве Беларусь!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?