Ад пачатку гісторыі чалавек шанаваў памерлых супляменнікаў. У светапоглядзе далёкіх продкаў не было смерці-знікнення. Смерць лічылася завяршальным этапам чалавечага існавання і пераходам у іншы свет — краіну нябожчыкаў.

Смерць успрымалася як віток жыцця, які садзейнічае перыядычнаму аднаўленню прыроды і грамадства. Стаўленне да магіл продкаў вызначае ступень цывілізаванаці народа. Разбурэнне могільнікаў заўсёды лічылася святатацтвам. Калі прыходзілі заваёўнікі, то яны стараліся разбурыць магілы, каб такім чынам знішчыць у народа памяць пра свае карані.

Узда. Усыпальніца роду Завішаў на могілках.

Узда. Усыпальніца роду Завішаў на могілках.

Самыя раннія пахаванні на тэрыторыі Беларусі вядомыя з эпохі неаліту. Адно з іх археолагі знайшлі каля вёскі Пархуты Дзятлаўскага раёна.

Нябожчыка выправілі на той свет з каменнай сякерай, апрацаванай крамянёвай пласцінкай і гліняным гаршчком. У эпохі бронзы і ранняга жалезнага веку ў Беларусі суіснавалі два спосабы пахавання: трупаспалення і трупапалажэння. На поўдні Беларусі ў тыя часы пачалі насыпаць над магіламі курганы. Таксама даследчыкі выяўлялі пры старажытных магілах сляды ямак ад слупоў: нібыта над імі ставілі нейкія драўляныя збудаванні.

У Цэнтральнай і Паўночнай Беларусі пра пахаванні гэтага часу амаль невядома. Мяркуецца, што спаленыя косткі загортвалі ў бяросту або тканіну, ці складалі ў гліняны гаршчок, і, апускалі ў вадаёмы, у дуплы дрэў, закопвалі ў валах гарадзішчаў.

З другой паловы 1 тысячагоддзя па ўсёй тэрыторыі нашай краіны стаў пашырацца курганны абрад пахавання, які праіснаваў да ўсталявання хрысціянскай рэлігіі.

У некаторых мясцінах нябожчыкаў хавалі ў курганах яшчэ і ў познім сярэднявеччы ( Нарушова Глыбоцкага, Крамянец Лагойскага, Крапіўна Аршанскага р-на і інш.).

Да нашых дзён на старых вясковых могілках можна сустрэць і вельмі архаічныя драўляныя надмагіллі ў выглядзе церамкоў, зрубаў з бярвенняў ці дошак, або проста наваленай абцясанай калоды

(Баркі Клічаўскі, Хорастаў Салігорскі, Гацькаўшчына Дубровенскі, Хатынічы Ганцавіцкі, Багданаўка Лунінецкі раён). Тыя надмагіллі людзі завуць Нарубы, Церамкі, Каплічкі, Грабніцы…

Шмат у нас захавалася і могільнікаў, дзе пахавальны насып па перыметры абкладзены вялізнымі валунамі, а зверху меншымі камянямі.

На многіх пахаваннях у галовах вялікі камень, а ў нагах— меншы. На валунах часта высечаны салярныя знакі, надпісы стараславянскімі і лацінскімі літарамі, схематычныя малюнкі ( Маісееўшчына Барысаўскі, Мінеўшчына Ваўкавыскі, Ухвала Крупскі, Клыні Вілейскі раён). Такія старыя могільнікі носяць назвы Магіліцы, Цвінтар, Кладавішча, Аўстрыйскія Магілы, Дзедавы Ямы, Паганскае Кладбішча, Галодны Могільнік, Халернік…

Шмат могільнікаў з каменнымі крыжамі ( Асецішча, Федаркі, Мількунь, Бабцы Докшыцкі, Перавоз Глыбоцкі, Горы Горацкі раён і інш.). На некаторых з іх у сяродкрыжжы высечаны знакі, надпісы, малюнкі. Напрыклад, каля в. Вітунічы Докшыцкага раёна стаяў крыж на якім схематычная выява чалавека з мячом у правай руцэ і круглым шчытом у левай. Над галавой карона. Каля ног літары RSB і пад імі два кругі, адзін у адным. Гэты помнік перавезены ў Мінск у Музей валуноў.

Надзвычай цікавы надмагільны каменны крыж-помнік знаходзіўся на старых могілках каля в. Стража Кіраўскага раёна на Магілёўшчыне. Некалі яго сцягнулі з могілак і кінулі каля дарогі, дзе ён ляжаў яшчэ ў 1980-я, а на рубяжы стагоддзяў некуды знік.

У сяродкрыжжы быў барэльефна выкананы партрэт шляхціца ў жупане з гузікамі, на галаве шапка з апушкай, на нагах боты. Несумненна, гэта партрэт пахаванага. Па баках крыжа былі барэльефныя выявы гепардаў (барсаў).

Старажытныя гарадскія могільнікі да нашага часу амаль не захаваліся, бо гарады ўвесь час раслі і «наступалі» на могілкі. Аб такіх пахаваннях у асноўным вядома па выпадковых знаходках у час земляных прац, або пры вывучэнні археолагамі гарадскіх напластаванняў. Больш вядома пра пахаванні ў храмах. Розначасовыя пахаванні адкрыты ў Каложскай царкве ў Гродне. У Фарным касцёле ў Нясвіжы знаходзяцца ўсыпальніцы магнацкага роду Радзівілаў. Ёсць пахаванні ў крыптах і ў асобных усыпальніцах.

Самыя старажытныя пахаванні, у асноўным курганныя могільнікі, улічаныя як помнікі археалогіі і знаходзяцца пад аховай дзяржавы. Познесярэднявечныя могільнікі, на жаль, яшчэ не інвентарызаваныя, паступова разбураюцца і мала прыцягваюць увагу навукоўцаў. Помнікі Х1Х—пач. ХХ ст. часам уяўляюць цэлыя скульптурныя кампазіцыі з мармуру, металу, пясчаніка. Яны таксама паступова знікаюць.

Ва ўсіх еўрапейскіх краінах такога кшталту спадчына дэталёва вывучаецца, выдадзены шматлікія альбомы і кнігі.

Пра старажытныя пахавальныя помнікі Беларусі ёсць асобныя невялікія публікацыі, але найчасцей яны згадваюцца ў кантэксце агульных апісанняў населеных пунктаў, ці асобных раёнаў.

За апошнія 15 гадоў шмат старажытных мемарыяльных помнікаў было зафіксавана ў час экспедыцый Этна-гістарычнага цэнтра «Явар» (кіраўнік — археолаг Эдвард Зайкоўскі ). Адбылося 150 экспедыцый працягласцю ад аднаго да трох дзён. Экспедыцыі ладзяцца за кошт удзельнікаў. У першую чаргу экспедыцыйныя маршруты складаліся з мэтай выяўлення сакральных прыродных аб’ектаў( крыніц, узгоркаў, камянёў, дрэў і інш.). У той жа час па дарозе трапляліся старыя могільнікі, маёнткі і паркі.

На могільніках і ў сядзібных парках даводзілася сустракаць панскія склепы ці капліцы-ўсыпальніцы, мода на якія пашырылася ў ХІХ стагоддзі.

У такіх усыпальніцах труны ставілі пад падлогай, або ў спецыяльных паглыбленнях у сценах (крыптах) і пазначаліся мармуровымі ці жалезнымі плітамі з надпісамі. Бывала, што само пахаванне рабілі на могілках, а памятную пліту ўмуроўвалі яшчэ і ў сцяну храма— унутры ці звонку.

Невялікія пахавальныя склепы ёсць на могілках ў в. Камена Лагойскага раёна ( род Жэброўскіх), у в. Калюжыца Бярэзінскага раёна ( род Ваньковічаў), у в. Войстам Смаргонскага раёна (род Ходзькаў). Руіны мураваных капліц-усыпальніц захаваліся ў Раванічах Чэрвенскага раёна (род Слатвінскіх), Суле Стаўбцоўскага раёна (род Ленскіх), у Барбарове Мазырскага раёна. Драўляная капліца-усыпальніца ёсць у парку маёнтка Гняздзілава Докшыцкага раёна (род Шышкаў і род Козел-Паклеўскіх). На могілках у г.п. Узда знаходзіцца ўсыпальніца роду Завішаў у выглядзе вялікай піраміды, унутры якой крыпты. Падобныя, толькі крыху меншыя ўсыпальніцы захаваліся на могілках у Лотвічах Баранавіцкага раёна і ў Малінаўцы Маладзечанскага раёна.

Самі пабудовы захаваліся, але пахаваныя былі выцягнуты і раскіданы. Старажылы расказваюць, як камсамольцы са смехам і прыпеўкамі цягалі па вёсках парэшткі былых уладальнікаў маёнткаў. На тэрыторыі Усходняй Беларусі такім чынам знішчалі стары лад жыцця ў 1920/30-ыя гады, а на тэрыторыі Заходняй— ў канцы 1940-х гадоў. Ва ўсіх прыстойных людзей гэта выклікала абурэнне, але ім было не пад сілу спыніць вандалізм новых гаспадароў. Паўсюдна людзі распавядаюць як Бог пакараў потым разбуральнікаў.

У апошнія гады пачалася рэстаўрацыя некаторых усыпальніц і іх перабудова ў храмы

(Пральнікі Валожынскі, Багушэвічы Бярэзінскі, Абадоўцы Вілейскі раён). Поўнасцю захаваліся будынкі ўсыпальніц Ажэшкаў у Заказелі Драгічынскага, Рэйтанаў у Грушаўцы Ляхавіцкага, Шукевічаў у Начы Воранаўскага, Скірмунтаў у Моладаве Іванаўскага раёна. Каля храмаў (каталіцкіх і праваслаўных) ёсць пахаванні не толькі святароў, але і знатных прыхаджан ( Вішнева Валожынскі, Касута Вілейскі, Астрамечава Брэсцкі, Усялюб Навагрудскі раён). Рабіліся пахаванні і ў сутарэннях касцёлаў, як напрыклад Коцелаў і Швыкоўскіх ў вёсцы Беніца Маладзечанскага раёна.

Шматлікія магілы шляхты ёсць на большасці гарадскіх могілак

(Гродна, Пінск, Навагрудак, Ліда, Полацк, Мінск). Захаваліся і невялікія могілкі асобных шляхецкіх родаў у сельскай мясцовасці: Вайніловічаў каля Савічаў Капыльскага, Кяневічаў каля Дарашэвічаў Петрыкаўскага, Рушчыцаў каля Багданава Валожынскага, Ельскіх каля Замосця Пухавіцкага раёна).

Вылучаюцца і асобныя могільнікі сярэдняй і дробнай шляхты. Часта іх нават так называюць: Шляхецкія Могілкі ( Вараксы Стаўбцоўскага, Варонча і Руціца Карэліцкага, Мядзведзічы Ляхавіцкага, Суцін Пухавіцкага раёна). У Пеклічах Любанскага раёна ў лесе каля вёскі два могільнікі праз дарогу — адны насупраць другіх. Адны называюць Шляхецкі Могільнік, а другія —Мужыцкі Могільнік.

На тэрыторыі Беларусі акрамя праваслаўных і каталіцкіх старых могілак ёсць уніяцкія, стараверскія, іудзейскія, мусульманскія.

Некаторыя нават і сёння мясцовае насельніцтва называе « Уніяцкія могілкі» (Вардамічы і Лявонавічы Вілейскі, Слабада Крупскі, Крэва Смаргонскі раён). Вялікія яўрэйскія могільнікі захаваліся ў Зембіне Барысаўскага, Лыскаве Пружанскага, Дукоры Пухавіцкага, Лахве Лунінецкага раёна. Надмагіллі на іх розныя: камяні з надпісамі і знакамі, у выглядзе каменных саркафагаў ці церамкоў. У Новым Свержані Стаўбцоўскага раёна над магіламі зроблены скрыні з цэментных блокаў. Вылучаецца яўрэйскі могільнік у в. Ленін Жыткавіцкага р-на. Гэта такі адзіны могільнік з драўлянымі надмагіллямі, якія нагадваюць высокія дошкі з прадрапанымі надпісамі.

Старыя татарскія могільнікі ёсць ў Лоўчыцах каля Навагрудка, у Докшыцах, у Іўі, у Некрашунцах Воранаўскага раёна і інш. Ужо амаль знік татарскі могільнік каля в. Сіняўка Клецкага раёна. У Х1Х ст. ён лічыўся сакральным. Сюды ішлі маліцца не толькі мусульманкі, якія хацелі мець дзяцей, але і яўрэйкі, а часам і хрысціянкі.

Ёсць у нашай краіне і асобныя могільнікі, дзе хавалі сваіх памерлых у Х1Х —пач. ХХ ст. перасяленцы з іншых зямель. Гэта Літоўскія Могілкі (Сафійск Магілёўскага, Малькаўка Мсціслаўскага раёна), Польскія Могілкі (Багушэвічы Бярэзінскага, Латыгалічы Чашніцкага раёна). На паўночным захадзе Беларусі, у Воранаўскім і Астравецкім раёнах, ёсць могілкі карэннага літоўскага насельніцтва(Пеляса Воранаўскага, Гіры і Гервяты Астравецкага раёна). На тэрыторыі Беларусі былі раёны кампактнага пражывання немцаў (Столінскі р-н), чэхаў і ўкраінцаў (Ельскі р-н), эстонцаў (Бялыніцкі р-н), кітайцаў (Аршанскі р-н і ваколіцы Віцебска ), латышоў (Лёзненскі р-н, Віцебскі р-н).

Такім чынам, мемарыяльная спадчына Беларусі ўяўляе сабой велізарны пласт матэрыяльнай і духоўнай культуры, які патрабуе аховы, інвентарызацыі і вывучэння.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0