«Вот, например, какие есть белорусские соответствия для российских терминов «унитаз» и «стояк»?» — спыталася неяк сёлета ў Фэйсбуку адна віцебская змагарка супраць навязваньня беларускай мовы. Пытаньне відавочна задумвалася як рытарычнае — у духу апакрыфічнага выказваньня аднаго рэктара аднаго беларускага экзыльнага ўнівэрсытэту: «Да полноте, ну какой, в самом деле, Гегель по-чувашски…»

Але ж і праўда — пошук беларускіх адпаведнікаў для словаў з самых розных жыцьцёвых сытуацыяў часта стварае немалыя праблемы адукаваным амаль выключна ў расейскай мове беларусам. Нарматыўныя акадэмічныя слоўнікі задавальняюць не заўсёды — яны часта бываюць занадта сухія, нешматслоўныя і афіцыёзныя. Тэкст, перакладзены з дапамогай афіцыйнага слоўніка, будзе гучаць як службовая інструкцыя або артыкул у раённай газэце.

Што рабіць, калі вы ня вырасьлі пад сялянскай страхой у дарэвалюцыйнай беларускай вёсцы, або калі не перачыталі шмат разоў, вывучыўшы ледзь не на памяць, творы найлепшых майстроў беларускага слова — і таму ня можаце зь лёгкасьцю выказаць любую думку, эмоцыю, пачуцьцё сакавітай ідыяматычнай беларускай мовай?

Вось тут на дапамогу нам прыходзяць слоўнікі неафіцыйныя, нестандартныя — слоўнікі аўтарскія. Гэтая зьява ў беларускай лексыкаграфіі ня новая, аўтарскімі ў большай або меншай ступені можна лічыць старыя беларускія слоўнікі — Івана Насовіча, Вацлава Ластоўскага, Максіма і Гаўрылы Гарэцкіх, Міколы Байкова і Сьцяпана Некрашэвіча, Янкі Станкевіча. Ствараюцца такія слоўнікі і цяпер — тут перадусім варта згадаць працы Юрася Пацюпы.

Сёлета да сьпісу аўтарскіх слоўнікаў дадаўся яшчэ адзін — «Слоўнічак расейска-беларускіх адпаведнікаў» паэта Алега Мінкіна. (Слоўнік разьмешчаны на беларускім кніжным партале kamunikat.org.)

Сам аўтар тлумачыць прынцып арганізацыі слоўніка і яго мэты так: «У «Слоўнічку расейска-беларускіх адпаведнікаў», у левай графе, пададзеныя расейскія словы й словаспалучэньні (выслоўі, устойлівыя выразы, параўнаньні ды інш.), на якіх мы найчасьцей «спатыкаемся», робячы мэханічны пераклад з расейскай мовы, ствараючы «кальку» замест праўдзівага беларускага адпаведніка. У правай графе складальнік паспрабаваў, паводле собскага густу й дасьведчанасьці, паказаць сапраўдныя моўныя адпаведнікі. Гэткім парадкам, «Слоўнічак адпаведнікаў» трэ’ разглядаць з-пад увагі, што гэта ня проста «Расейска-беларускі слоўнік», а, перадусім, спроба выбавіцца зь верхменаванага «калькаваньня». Маім галоўным заданьнем было стварыць практычны дапаможнік для шырокага карыстальніка — для ўсіх, хто карыстаецца беларускай мовай».

У працы над «Слоўнічкам», тлумачыць аўтар, ён выкарыстаў як свае ўласныя напрацоўкі, так і знаходкі іншых асобаў, неабыякавых да праблемы «кáлек-калéк» у сучаснай беларускай мове. «Слоўнічак» Мінкіна, магчыма, ня вытрымаў бы строгай і прынцыповай лексыграфічнай крытыкі, у ім зьмешаныя розныя прынцыпы і падыходы, не распрацаваны апісальны апарат, беларускія адпаведнікі маюць розны статус — ад стандартных варыянтаў перакладу да сьмелых паэтызмаў, дыялектызмаў і аказіяналізмаў. Аднак Алег Мінкін і не прэтэндуе на акадэмічную дасканаласьць сваёй працы — ён папярэджвае, што ён «ніякі не мовазнаўца, а проста моўны практык». А пры гэтым — дадамо — яшчэ і адзін з найлепшых паэтаў свайго пакаленьня, чуйны да беларускага слова, што надае «Слоўнічку» дадатковую каштоўнасьць.

Каб вы адчулі дух «Слоўнічка», падам у якасьці ілюстрацыі слоўнікавае гняздо лексэмы место з усімі магчымымі канатацыямі:

место ме`сца

место (на ландшафте) мясьці`на

место (заболоченное) за`балаць, ба`гнішча

место (сухое, на болоте) устру`гавіна

место (топкое) топель, агі`ба, валога, жыме`рва, крактаві`ньне

место (мокрое, низкое) мокуць, артэ`па, жыватока

место (чудотворное) прошча

место (голое) га`ла, гало, агальча`к

место (низкое) смужаві`на

место (возвышенное, сухое, на низине) бурвэ`лак, бурвала`к

место (укромное) за`цішак, зату`лак

место (в углу под иконами) покуць

место (покрытое пнями) пне`вішча

место (под пнём) пні`ва

место (под окнами) павоканьне

место (где было озеро) азяры`шча

место (где растёт вереск) верасаві`шча

место (где стоял замок) за`мчышча

место (где была мельница) млы`нішча

место (где стоял хлев) хле`вішча

место (где стелят) сьце`лішча

место (за забором) заплоцьце

место (за гумном) загуме`ньне

место (грибное) грыбовішча

место (глухое) за`падзь

место (открытое) буй

место (где ссыпают) ссы`пішча

место (сплава брёвен) рум

Безумоўна, карыстаньне аўтарскімі слоўнікамі — справа рызыкоўная. Колькі моўных монстраў і хімэраў спарадзілі свайго часу безаглядныя адэпты моватворчасьці Вацлава Ластоўскага або Янкі Станкевіча… Карыстацца аўтарскімі слоўнікамі — а гэта датычыць і згаданага «Слоўнічка адпаведнасьцяў» — трэба адказна і асьцярожна, узважваючы кожнае слова, прыслухоўваючыся да мэлёдыі сказу, у якім яно ўжытае, уяўляючы сабе як яно будзе ўспрынятае і зразуметае слухачом. Аўтарскія слоўнікі вырываюцца за рамкі стандарту, нарматыўныя слоўнікі спрабуюць гэтую творчую стыхію ўтаймаваць. Задача ўдумлівага карыстальніка — знайсьці раўнавагу паміж гэтымі палюсамі.

Алег Мінкін падкрэсьлівае, што ягоны «Слоўнічак» — адкрыты праект, і запрашае ўсіх чытачоў і зацікаўленых асобаў да супрацоўніцтва, каб супольна стварыць «нешта больш дасканалае».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?