«Наша Ніва» пісала пра гісторыю Кацярыны і Віктара з Баранавіч. Жанчына з сакавіка не бачыла свайго 4-гадовага сына Расціслава. Муж, з якім не жыла разам, забраў сына і знік. Пакуль хлопчыка шукалі, Кацярыны развялася, а суд прызначыў месца пражывання Расціслава з маці.

У МУС Беларусі паведамілі, што на тэрыторыі нашай краіны пошукі вынікаў не далі. Аднак было ўстаноўлена, што Віктар і Расціслаў знаходзяцца ў адным з гарадоў Маскоўскай вобласці.

Там заўважылі, што ў адну з крамаў горада перыядычна заходзіць малады мужчына з хлопчыкам, якія падобныя да тых, якіх шукаюць.

Беларускія аператыўнікі выехалі ў Расію. Яны і знайшлі Расціслава.

«У сына складаны стан: ён мяне не пазнаў. Ён сказаў, што не хоча жыць з Віктарам, а са мной паедзе. Дзіця нічога не разумее. Я даведалася ад сына, што ён ні з кім не кантактаваў, заставаўся адзін дома, калі Віктар ездзіў на працу»,

— расказала Кацярына.

Хлопчыка знайшлі ў горадзе Дзмітраў Маскоўскай вобласці 16 снежня. Кацярына разам з беларускімі аператыўнікамі выехала ў Расію. На кватэру, дзе жылі Віктар і Расціслаў, яны прыйшлі каля 21 гадзіны. Уначы выехалі ў Беларусь. І ўжо днём 17 снежня былі ў Баранавічах.

«Віктар быў не надта рады мяне бачыць. Пагражаў, што прыедзе і з усімі разбярэцца».

Бацьку хлопчыка не затрымлівалі. Па словах Кацярыны, паколькі ён на судах не быў, то фармальна не ведаў, што Расціслава трэба перадаць на выхаванне маці. Таму яму пра гэта паведамілі і адпусцілі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?