Каму што, а мне тэма «непазьбежнай дэвальвацыі» беларускага рубля не дае спакою.

Зараз пайшлі гуляць пэўныя казкі. Нехта кінуў, і ўсе зьелі, што беларускі рубель у выніку расейскай дэвальвацыі 98-га году абваліўся ў 8 разоў. Гэта, скажам мякка, вельмі няпоўны бок праўды. Беларускі рубель, вядома, тады абвальваўся, аднак без асаблівай сувязі з расейскім дэфолтам. Расейская дэвальвацыя, нагадаем, адбылася тады цягам некалькіх месяцаў у канцы 98-га, калі рубель скокнуў у тры разы, з 8 да 25. Аднак беларуская валюта падала паводле сваіх законаў, і да 98-га, і пасьля. Вось сярэдні курс беларуская рубля ў тыя гады: 1996 – 15500, 97 – 30 700, 98 – 107 000, 99 – 320 000, 2000 – 1180 000. Як бачым, кожны год стабільна адбывалася падзеньне ў два, альбо тры разы – незалежна ад паводзінаў расейскага рубля.

Глядзім далей. Ад 2000 году расейскі рубель стабілізаваўся на ўзроўні 28-30, і амаль нязьменна заставаўся такім 13 гадоў! (курс 2013 году – 31!) А што з нашым? А наш за гэты час упаў з 1200 (у 2000-ым) да 10 тысяч у 2013. Дэвальваваўся ў 8-9 разоў! Расейскі стаіць 13 гадоў, а мы дэвальвуемся. Што скажуць тыя, хто нас пераконвае, што беларускі рубель ва ўсім прывязаны да расейскага — маўляў, куды ён, туды і мы? Чаму цяпер, калі расейскі падае, мы павінны аўтаматычна даганяць яго? Мы і так забеглі наперад у 10 разоў у сваёй дэвальвацыі!

І яшчэ нагадаю рэч, пра якую многія забылі. Цяпер цяжка ўявіць, што фактычна 6 гадоў, з 2002 па 2008 год беларускі рубель заставаўся даволі стабільным, каля 2 тысяч! І дарэчы, гэта былі адносна «тлустыя» гады, калі заробак вырас з 50 да 400 даляраў. І курс беларускага рубля да расейскага гадоў амаль 10 гадоў (!!!) быў прыблізна 70-100. То бок гэта была «норма», пры якой эканоміка ня так і кепска працавала.

Проста надакучыла, што як толькі нейкія праблемы ў эканоміцы, дык адразу дэвальвацыя, то бок раўнамернае зьбядненьне ўсяго насельніцтва. Хай бы адказвалі выбарачна – тыя, у каго неэфэктыўная вытворчасьць, вялікія затраты на прадукцыю. Калі ня могуць прадаць тавар у Расеі, хай шукаюць іншыя рынкі альбо выкідваюць тавар на беларускі рынак – цэны хоць зьменшацца. Хай разараюцца, калі працаваць ня ўмеюць. Хай зьмяншаюць усялякія сацыяльныя праграмы, эканомяць, хай павялічваецца беспрацоўе. Дарэчы, і Багданкевіч таксама, як і я, думае! А дэвальвацыя – самы просты і прымітыўны спосаб. Але я думаю, яго і выберуць. На жаль.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?