«Доктар Полік быў запрошаны ў ЕГУ як знешні кансультант, і сёння яго фінансавая кампенсацыя складае да 5% бюджэту ЕГУ. Верагодна, гэта адзін з самых высокіх заробкаў у акадэмічным сектары ва Усходняй Еўропе». Адным з прэтэндэнтаў на пасаду новага рэктара ЕГУ з'яўляецца Дэвід Гары Полік, супраць якога выступаюць беларускія студэнты. Прэзідэнт Асацыяцыі Выпускнікоў ЕГУ Серж Харытонаў выступіў з артыкулам на kyky.org, у якім тлумачыць, чаму.

Я ніколі не думаў, што мне давядзецца пісаць тэкст накшталт гэтага. Але цяпер я аказаўся ў сітуацыі, у якой мне прыходзіцца ўзяць на сябе адказнасць і пагаварыць з вамі на тэму, якая тычыцца кожнага чалавека, неабыякавага да будучыні адукацыі ў Беларусі. Хацеў бы пагаварыць аб праекце, дзякуючы якому я знайшоў сваіх лепшых сяброў, а таксама пазнаёміўся з вялікай колькасцю людзей, якіх часта бачу ў лепшых месцах гэтага свету, і пра перамогі якіх мне заўсёды прыемна даведвацца — таму, што ўсе яны вельмі годныя. Я хачу абмеркаваць з вамі будучыню месца, дзе я сустрэў крыху больш за тысячу світанкаў і заходаў, здаў некалькі дзясяткаў экзаменаў (як акадэмічных, так і тых, якія навучылі мяне чалавечнасці, сяброўству, памяркоўнасці, любові). Дзякуючы гэтаму месцу я ўбачыў некалькі сноў на гарадской плошчы Вільні, зімовае мора і яшчэ шмат таго, чаго ўбачыць я некалі нават не чакаў. Я хацеў бы пагаварыць пра ЕГУ — праект, які на працягу ўсяго адыходзячага 2014 года губляў рэпутацыю месца, адкрытага для ўсіх, гэтак жа імкліва, як падала цана на нафту ў апошнія тыдні. Я толькі што праверыў — ужо па $62,71, a нядаўна была па сотцы.

Я асцерагаюся, што мы стаім перад такой пераменай у ЕГУ, пасля якой у ім не застанецца той атмасферы, у якой я і многія іншыя людзі аказаліся, прыехаўшы туды зялёнымі шкалярамі вясной 2007 года. Верагодна, пасля рашэння, памылкова прынятага ў бліжэйшыя тыдні, універсітэта не застанецца зусім — таму што яго дух будзе страчаны ва ўгоду камерцыйным бачанням асобнага чалавека. Ён мала што ведае пра Беларусь, пра паветра на Кастрычніцкай летняй раніцай у суботу, пра Пацу-Вацу ці пра тое, чаго ўсім дзяўчынкам хочацца, калі яблыні цвітуць, і я прыйду да цябе з кветкамі. Згодна з абноўленым Статутам, у бліжэйшыя дні міжнародная Кіраўнічая рада ЕГУ павінна вызначыцца з кандыдатурай наступнага рэктара ЕГУ, накіраваць яе на разгляд Агульнага сходу сузаснавальнікаў / GAPO, якое і абвесціць канчатковае рашэнне. Гэты працэс адбываецца ва ўмовах неабгрунтаванай непразрыстасці, усеагульнай занепакоенасці і значнай апатыі адносна вынікаў працэсу — таму, як Прэзідэнт Асацыяцыі выпускнікоў пазаўчора, я накіраваў сем пытанняў да Агульнага сходу сузаснавальнікаў, якія тычацца празрыстасці працэдуры выбараў.

Самым важным сярод пытанняў, накіраваных мною да GAPO, я лічу ступень гатоўнасці яго ўдзельнікаў у абставінах, якія склаліся, узяць на сябе адказнасць за легітымнасць працэсу выбараў рэктара. Я не думаю, што ёсць нейкі сэнс хаваць агульнае адчуванне людзей, так ці інакш зацікаўленых у лёсе ЕГУ, пра тое, што рашэнне даўно прынята, і выбары — гэта працэс, заточаны пад легітымізацыю Гары Поліка (менавіта, сапраўднае імя кандыдата Garry David Pollick).

Хто такі Гары Полік

Доктар Полік быў запрошаны ў ЕГУ як знешні кансультант, і на сёння яго фінансавая кампенсацыя складае, па прыблізных падліках з медыйных крыніц, да 5% бюджэту ЕГУ. Верагодна, гэта адзін з самых высокіх заробкаў у акадэмічным сектары ва Усходняй Еўропе. Часова запрошаны антыкрызісны менеджар за шэсць месяцаў сваёй працы не змог паказаць якіх-небудзь значных вынікаў, роўна як і прадставіць збалансаванага бюджэту, і па-ранейшаму «прымяраецца» да адносна невялікага універсітэта. Калі я працаваў у HR-кансалтынгу, нас вучылі, што ёсць два галоўныя пытанні, якія дапамагаюць ацаніць прафесіяналізм менеджара:

1) На якія задачы вы прыйшлі?

2) Якія з іх вам удалося рэалізаваць?

За час, выдаткаваны на вывучэнне мінулага доктара Поліка, мне ўдалося высветліць падрабязнасці яго працы ў BSC. Атрымалася цікавая spend-o-rama з Лебядзіным возерам, двума рэйтынгамі Forbes і адчуваннем дэжавю, якой я хачу падзяліцца з вамі цяпер.

Праца доктара Поліка ў каледжы Birmingham-Southern

За шэсць гадоў кіравання Birmingham-Southern College ў Бірмінгеме (Алабама) Полік здолеў стаць трэцім у спісе найбольш высокааплатных акадэмічных мэнэджэраў у ЗША па версіі Forbes, загнаць у даўгі вядучую liberal arts school і адвесці яе ў спіс школ з найбольшымі фінансавымі цяжкасцямі — зноў жа, па версіі амерыканскага Forbes. Полік настойвае на тым, што ён не ведаў пра сітуацыю, якая склалася, і праблемы Birmingham-Southern паўсталі яшчэ да таго, як у ліпені 2004 года ён прыняў кіраўніцтва універсітэтам. Пярэчу. За 28 гадоў менеджмент пад кіраўніцтвам прафесара Ніла Берта (Neal Berte), папярэдніка Поліка, ператварыў BSC з рэгіянальнага каледжа ў адну з вядучых школ liberal arts у ЗША, сфармаваў збалансаваны бюджэт, павялічыў аперацыйны фонд універсітэта з 11 да 136 мільёнаў даляраў, пачаў і завяршыў будаўніцтва дзесяці карпусоў і ў два разы павялічыў набор студэнтаў. У пачатку 2000-х аўдыт бюджэту Берта паказаў больш за мільён долараў даходаў. 

Доктар Полік вырашыў, што добрым метадам па рашэнні праблемы стане фарміраванне універсітэцкай каманды па амерыканскім футболе і інвеставанне 13 мільёнаў даляраў у будаўніцтва з нуля стадыёна для трэніровак за кошт універсітэцкага бюджэту.

Больш за тое, думкі выпускнікоў BSC, якія мне ўдалося даведацца, як адна сыходзяцца на тым, што Полік змяніў ідэнтычнасць школы — замест фокусу на навуку яна ператварылася ў спортацэнтрычны каледж, дзе роля liberal arts адышла на другі план ва ўгоду athletics. 

Спорт — гэта часцяком нядрэнны спосаб прыцягнуць фінансавую падтрымку: заможныя выпускнікі любяць укладвацца ў такія рэчы, каб потым проста пасядзець з сябрамі на трыбуне падчас гульні. Для некаторых каледжаў ў ЗША ці Брытаніі гэта сапраўды працуе, але толькі не для кампусаў, якія абсалютна не прыстасаваныя да гэтага. Будаўніцтва стадыёна, пошук і аплата трэнераў — усё гэта нават не акупляе сябе, калі каманда не ў спісе лепшых у краіне.

Паводле інфармацыі The Chronicle, на выхадзе з Birmingham-Southern Полік умудрыўся атрымаць $2.312.098 ад універсітэта, які ён пакінуў з 10 мільёнамі даляраў бюджэтнага дэфіцыту. З грошай, атрыманых Гары ад BSC пасля сыходу, амаль паўмільёна былі фіксаваным заробкам, не абкладанымі падаткам даходамі і адтэрмінаванай кампенсацыяй, пры гэтым астатнія $ 1.790.000 былі вызначаныя як «other pay». Дарэчы, амаль паўмільёна фіксаванай кампенсацыі — гэта на той момант больш, чым было ў прэзідэнта суседняга Samford University, які ў тры разы большы, чым BSC, у якім працаваў доктар Полік (нагадаю, што цяперашні ўзровень кампенсацыі Поліка у тры разы вышэйшы, чым ў рэктара Vilnius Universitetas — чалавека з абсалютна непараўнальным маштабам кампетэнцый і адказнасці).

Сярод інвестыцый Поліка ў развіццё Birmingham-Southern College аказалася будаўніцтва велізарнага возера на тэрыторыі кампуса…

Давёўшы доўг універсітэта да $22 100 000 да 2008 года (а сваю штогадовую рэктарскую кампенсацыю павялічыўшы да $495 461), Полік ў тры разы абваліў кошт бондаў каледжа, за шэсць гадоў сваёй працы ён патраціў амаль палову назапашаных за 30 гадоў грошай з фонду каледжа, выклікаў зніжэнне крэдытнага рэйтынгу універсітэта і жорсткую крытыку фінансавай справаздачнасці каледжа з боку Moody's Investors Service.

Чым далей развіваўся канфлікт з-за фінансавых праблем, тым больш выразнымі станавіліся маштабы сістэмнага правалу доктара Поліка.

У выніку Полік прыняў рашэнне скараціць пяць адукацыйных праграм і амаль чвэрць супрацоўнікаў, каб выштукаваць $6 000 000 на кампенсацыі пакінутым работнікам каледжа і паменшыць іх зарплаты на 10-35%. Усё гэта адбывалася без разумення і раскрыцця дэталяў фінансавай справаздачнасці, агучвання рэальных прычын крызісу каледжа.

Я лічу недапушчальным, каб такі чалавек, як Гары Полік, узначаліў месца, у якім нараджаліся нашы мары і лепшыя пачынанні. Не як Прэзідэнт Асацыяцыі (гэта ж бірка, ад якой я не буду іншым, яе вельмі проста зняць і надзець назад), але проста як чалавек, які прывык гаварыць праўду, звяртаюся да вас з просьбай распаўсюдзіць гэтую інфармацыю і не дапусціць абрання Гары Дэвіда Поліка новым рэктарам Еўрапейскага Гуманітарнага Універсітэта. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?