У электронным выдавецтве «Пяршак» медыялабараторіі 34mag.net выйшлі «Валацугі» Аляксея Талстова, раман – падарожжа па Індыі ды Непале разам з прафесійнымі даўншыфтарамі з усяго свету. Спампаваць кнігу можна бясплатна.

«Валацугі» – гэта трэці раман пісьменніка, музыкі і мастака Аляксея Талстова. У апошнія гады Талстоў шмат часу правёў у Індыі ды Непале, дзе сустрэўся з сотнямі такіх жа падарожнікаў і валацуг з усяго свету. «Ёсць людзі, якія натуральна там завісаюць. Нехта шчаслівы працаваць садоўнікам ці ў Канадзе трубы класці – і потым прыязджаць на адпачынак. Ёсць тыя, у каго зрывае дах, яны дохнуць ад наркотыкаў, ад таго, што няма куды вяртацца. Быў момант, калі я сам быў да гэтага блізкі», – успамінае аўтар у размове з 34mag.

Па сутнасці, раман «Валацугі» – гэта спроба асэнсаваць набыты досвед даўншыфтынгу. «Гэты тэкст – медытатыўнае разважанне бэкпэкера, які сарваўся аднойчы ў вялікае падарожжа ды не здолеў знайсці дарогу дадому, – адзначаюць выдаўцы рамана. – Лірычны герой нічым не выдае сваёй нацыянальнасці, ён грамадзянін свету, яго экзістэнцыйныя ваганні ніяк не звязаныя з уласным паходжаннем і колерам пашпарта. З гэтага пункту гледжання раман падаецца нам своеасаблівым лэвэл-апам для беларускай літаратуры, звыклай аналізаваць сябе выключна праз нацыянальны кантэкст».

Электронную версію кнігі можна скачаць у розных фарматах на мультылэйбле «Пяршак».Папяровую версію кнігі, выдадзенай у серыі «Бібліятэка 34mag», можна набыць у кнігарні «Логвінаў», на «Калядным кірмашы» ў галерэі «Ў» з 23 да 31 снежня, а таксама на Jam Market 25 снежня.

Спампаваць раман «Валацугі» Аляксея Талстова

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0