Ірыну Моцную з Клімавічаў, у якой улетку дзяржава адабрала прыёмных дзяцей, 19 снежня прысудзілі да чатырох гадоў пазбаўлення волі. Пра гэта «Нашай Ніве» паведаміла каардынатар аргкамітэта па стварэнні партыі БХД па Віцебскай вобласці Таццяна Севярынец.

«Я доўгі час размаўляла з ёй учора. Ірына расказала, што пракурор на судзе запрасіў чатыры гады зняволення. Сёння быў вырак, і Ірыне далі чатыры гады, яна сама пра гэта мне паведаміла. Я яе прасіла маліцца, сказала, што сама буду маліцца», — расказала Таццяна Севярынец.

На жаль, іншай інфармацыі аб судовым працэсе не паведамляецца.

На прэс-канферэнцыі, што адбылася ў лістападзе ў Мінску, Ірына Моцная паведамляла, што супраць яе распачата крымінальная справа па некалькіх артыкулах — нібыта за жорсткае абыходжанне з дзецьмі.

Ірына Моцная разам з мужам адкрыла першы дзіцячы дом сямейнага тыпу ў Клімавіцкім раёне. Аднак у чэрвені муж Ірыны нечакана скончыў жыццё самагубствам, і чыноўнікі, спасылаючыся на нібыта «нездаровую атмасферу» ў сям'і вырашылі закрыць дзіцячы дом сямейнага тыпу і адабралі дзяцей. Сама Ірына ўпэўненая, што гэта здарылася праз патрабаванне прывесці ў парадак будынак, які Моцныя атрымалі для дзіцячага дому. Праз скаргі Ірыны тады былі пакараныя многія чыноўнікі, а старшыню Клімавіцкага райвыканкама Віталя Грышанава знялі з пасады.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?