Украінская лётчыца Надзея Саўчанка, узятая ў палон на Данбасе і нелегальна перапраўленая праз мяжу ў расійскую турму, адправіла ліст ў падтрымку ўкраінскіх вайскоўцаў, якія змагаюцца на фронце супраць расійскай агрэсіі.

«Я б жыццё аддала, толькі б апынуцца на перадавой побач з вамі, у акопах… Як бы тое не было цяжка, для мяне побач з вамі ўсё было б лёгка. І прыняць поплеч з вамі бой супраць ворага, нават апошні ў маім жыцці, для мяне будзе гонар», — напісала жанчына, якая лятала на бамбардзіроўшчыку Су-24 і ўдарным верталёце Мі-24.

«А вы маладцы, хлопцы! Трымайцеся! Усе маладцы, хто не спужаўся пайсці на фронт, а пра кібаргаў-казакоў, што Данецкі аэрапорт абараняюць, увогуле лягенды ходзяць! Здымаю капялюш, хлопцы», — дадала Надзея.

«Але дужа прашу аднаго, хлопцы — не рабіцеся звярамі. Ва ўсіх сваіх дзеяннях і думках заставайцеся людзьмі. Бо гэтая праклятая вайна рана ці позна скончыцца, і калі выжывеш, то самому з сабой яшчэ ўсё жыццё жыць», — гаворыцца ў лісце.

Ужо падчас свайго палону Надзея Саўчанка была абраная дэпутатам у Вярхоўную Раду Ўкраіны і атрымала ордэн «За мужнасць» 3 ступені. У Расіі яе абвінавачваюць у тым, што яна была карэктыроўшчыцай, калі 17 чэрвеня 2014 году падчас мінамётнага абстрэлу пад Луганскам загінулі расійскія журналісты.

«Будем жить!» — заканчвае свой ліст Надзея цытатай з савецкага фільма «У бой ідуць адно старыя» на расійскай мове. З гэтай фразай лётчык-украінец у фільме накіроўвае свой падбіты самалёт на транспартную калону ворага.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?