Даследчыкі раку малочнай залозы вынайшлі новы тэст. Паводле навукоўцаў з Оксфардскага універсітэта ракавыя клеткі малочнай залозы перапрацоўваюць ізатопы цынку не так, як іх здаровыя суседкі. Гэтая асаблівасць можа быць выкарыстаная ў якасці біямаркёра пухлінных клетак на ранніх стадыях.

Даследаванні праводзіліся на 10 добраахвотніцах, з якіх пяць мелі рак малочнай залозы, а пяць — не. Параўноўвалі клеткі пухліны з навакольнымі здаровымі клеткамі і з клеткамі здаровых жанчын. Сённяшнія тэхналогіі дазваляюць прааналізаваць наяўнасць металаў у клетках нават у дробных канцэнтрацыях, што і дапамагло адсачыць лёс ізатопаў цынку ў залозе. Даследаванні выявілі розны ізатопны склад цынку ў крыві, у здаровых тканках і ў клетках пухліны. Верагодна, іншыя металы могуць размяркоўвацца ў клетках падобным чынам, што дае спадзявацца на з’яўленне і іншых біямаркёраў.

Паспяховасць лячэння раку (у тым ліку і раку малочных залоз) наўпрост залежыць ад памеру і распаўсюду пухліны. Калі вы вокам бачыце пухліну на залозе, намацваеце яе нават праз вопратку, калі смочка відавочна ўцягнутая, з яе точыцца немаведама што, дый з’явіліся болі — гэта сведчыць пра познія стадыі раку, калі шанцы вылекавацца прывідныя.

Вось чаму праводзяцца скрынінгавыя праграмы мамаграфіі. Але і гэта не выяўляе самых ранніх стадый раку. Біямаркёры могуць дапамагчы там, дзе рукі хірурга і вочы рэнтгенолага яшчэ не ў стане адшукаць ворага.

Ці ўратуе гэта абяцаныя тысячы жыццяў — пытанне. Тыя ж спробы масава праводзіць мамаграфію на сёння сябе не апраўдалі. А вось дзе дакладна дапаможа, дык гэта там, дзе іншыя лабараторныя метады не даюць канчатковага адказу: рак альбо не?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?