Прэзідэнты Беларусі і Украіны Аляксандр Лукашэнка і Пятро Парашэнка правядуць у нядзелю, 21 снежня, сустрэчу. Пра гэта паведаміў сёння журналістам кіраўнік беларускай дзяржавы пры наведванні Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз.
«У нядзелю, хутчэй за ўсё, мы сустрэнемся з прэзідэнтам Украіны. Ён учора патэлефанаваў мне і папрасіў, каб мы неяк сустрэліся, перагаварылі па некаторых пытаннях, ды і я выказваў жаданне, бо нам ёсць пра што пагаварыць у гэтай сітуацыі», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
«Зыходзячы з гэтай размовы, я зразумеў, што ўкраінскае кіраўніцтва, у прыватнасці прэзідэнт Украіны, абсалютна не з'яўляецца перашкодай да пачатку новага раўнду перамоў у Мінску», — адзначыў беларускі лідар
«Як ён сказаў, ён чакае зараз рэакцыі з боку кіраўнікоў Луганскай і Данецкай рэспублік. Калі там дамоўленасці будуць, то ў бліжэйшы час яны могуць сабрацца зноў на гэтай пляцоўцы ў Мінску, каб працягнуць дыялог і падумаць, у якім кірунку яны будуць рухацца», — сказаў Лукашэнка.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што самае галоўнае - гэта дыялог. «Як бы ні было складана, я разумею і прэзідэнта Украіны, але іншага шляху, як садзіцца за стол перамоваў і весці дыялог, ні ў яго, ні ў кіраўнікоў Данецка і Луганска няма. Трэба размаўляць. Усё роўна некалі будзе мір. Але нельга далей ісці шляхам эскалацыі і гібелі ні ў чым не вінаватых людзей», — мяркуе кіраўнік Беларусі.