На парламенцкіх выбарах 2008 года кандыдатам у дэпутаты палаты прадстаўнікоў трэба дзейнічаць больш абачліва ў параўнанні з папярэднімі выбарамі. Такое меркаванне выказала ў інтэрв'ю БелаПАН старшыня Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзія Ярмошына.

Паводле яе слоў, гэта звязана са змяненнямі ў Выбарчы кодэкс, што прыняты ў 2006 годзе. У прыватнасці, зазначыла кіраўнік ЦВК, падставай для адмены рэгістрацыі кандыдата ў дэпутаты стане выкарыстанне замежнай матэрыяльнай дапамогі. «Калі раней выкарыстанне незаконных сродкаў цягнула за сабой папярэджанне, то цяпер прывядзе да абавязковай адмены яго рэгістрацыі», — сказала Л.Ярмошына.

Даказваць выкарыстанне замежнай дапамогі павінны выбарчыя камісіі. «Яны будуць праводзіць спецыяльныя апытанні, выслухоўваць тлумачэнні, збіраць доказы, напрыклад, рэквізіты друкаванай прадукцыі. Таксама ў камісіі могуць паступаць паведамленні ад адпаведных органаў, што займаюцца ў Беларусі пытаннямі бяспекі. Цяжка сказаць, якія доказы будуць выкарыстоўвацца — галоўнае, што такая забаронная норма з'явілася, бо забарона як такая была і раней, але механізм яе рэалізацыі адсутнічаў», — заявіла Л. Ярмошына.

Пры гэтым кіраўнік ЦВК зазначыла, што не можа прывесці доказы выкарыстання замежнай дапамогі ў час папярэдніх парламенцкіх выбараў. «Але я лічу, што калі выкарыстоўваліся ўлёткі і плакаты, вырабленыя па-за Беларуссю, то гэта можна лічыць прамым доказам таго, што замежная дапамога аказвалася. Хаця б таму, што ўлёткі і плакаты трэба вырабляць за валюту», — лічыць яна.

Апрача таго, зазначыла Л.Ярмошына, на будучых выбарах кандыдат будзе адказны за дзейнасць сваёй ініцыятыўнай групы. «Калі ў час вылучэння яна дапусціць пэўныя парушэнні, напрыклад, будзе раздаваць друкаваную прадукцыю невядомага паходжання, то кандыдат і ініцыятыўная група будуць папярэджаныя, а пры паўторным парушэнні кандыдату адмовяць у рэгістрацыі», — сказала кіраўнік ЦВК.

Л. Ярмошына таксама паведаміла, што ўдакладнены парадак адкрытай агітацыі. У прыватнасці, усе сходы і сустрэчы з выбаршчыкамі па-за закрытымі памяшканнямі павінны будуць ажыццяўляцца з адпаведнага дазволу мясцовых уладаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?