Віфлеемскі агонь даставілі ў Мінск служыцелі і скаўты з Гродна. Свечку ад святыні ў архікатэдры Найсвяцейшай Панны Марыі запаліў мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч. 

«Сёння мы дакранаемся да агню, які прыбыў да нас з Бэтлеема, дзе цела сталася хлебам і дзе Сын Божы стаўся чалавекам. Бэтлеемскі агонь называецца Святлом міру і запальваецца ў Гроце Нараджэння Езуса Хрыста ў Бэтлееме. Бэтлеемскае Святло міру з’яўляецца сімвалам цеплыні, любові, міру і надзеі. Традыцыйна яго ставяць на вігілійным стале», — распавёў іерарх.

Ён нагадаў, што калісьці нават падчас вайны на Божае Нараджэнне ваюючыя бакі аб’яўлялі перамір’е.

Сёлета Віфлеемскі агонь прывезлі ў Беларусь ужо ў 15 раз і рапаўсюджваецца ён пад дэвізам «Супакой у нас». У Беларусь яго прывезлі з Аўстрыі. Менавіта ў Вене распачалася гэта традыцыя прынясення агню з Віфлеема. Упершыню гэта адбывалася па ініцыятыве радыё Аўстрыі і тэлебачання г. Лінца, як дабрачынная акцыя на карысць бедных і дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі.

Агонь штогод прыносіцца з Віфлеема ў катэдру ў Вене і перадаецца скаўтам суседніх краін, якія ў сваю чаргу перадаюць яго сваім суседзям і г.д. Такім чынам ён трапляе ў найбольш далёкія куткі Еўропы. 

У Беларусь агонь прыбыў праз Славакію і Польшчу.

Прывезены ў Мінск агонь будзе перададзены ў восем сталічных парафій, а таксама «дойдзе» і да шэрагу парафій у Беларусі, сярод якіх у тым ліку Мар’іна Горка, Асіповічы, Магілёў, Барысаў, Івянец.

Кожны вернік зможа запаліць свечку і прынесці часціцу святога агню ў свой дом. Агонь з Віфлеема будзе гарэць у беларускіх касцёлах практычна 2 тыдні пасля каталіцкіх Калядаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?