Дакладней, тое была песня пра песню: «Grudniowy Blues o Bukareszcie» польскіх панкаў Pidżama Porno. Дагэтуль я не ведаю, што за блюз згадваецца ў тэксце. Затое ведаю, пра што той блюз.
***
Чвэрць стагоддзя таму, у 1989 годзе адбыліся важная падзея ў Румынскай гісторыі. Сёння Румынія – удзельнік НАТА і Еўрапейскага саюзу. Тады, 25 год таму, яна была камуністычнай дзяржавай пад кіраваннем Нікалае Чаўшэску.
Нікалае Чаўшэску на пасадзе Генеральнага сакратара
Днём раней, 21 снежня 1989 каля будынку ЦК у Бухарэсце, сталіцы Румыніі, быў сазваны мітынг у падтрымку ўлады. На захадзе краіны было неспакойна: мясцовыя венгры зладзілі рокаш, былі дзясяткі ахвяр. Мітынг мусіў паказаць: народ падтрымлівае кампартыю і генсека.
Нешта пайшло не так. Любімы народам Чаўшэску паспеў прамовіць толькі некалькі слоў. Наступныя словы патанулі ў выкрыках і выбухах петардаў. Частка народа пакідала сцягі і разбеглася. Тэлетрансляцыя звароту генсека была прыпыненая з тэхнічных прычын. Праз пэўны час карцінка з’явілася зноў: Чаўшэску заклікаў тых, хто застаўся на плошчы, абараніць незалежнасць і адзінства Румыніі, абяцаў павялічыць зарплаты і пенсіі.
Спачатку ў Бухарэсце, потым на захадзе, а затым і па ўсёй Румыніі пачаліся мітынгі супраць ураду.
На наступны дзень радыё абвесціла, што міністр абароны скончыў жыццё самагубствам. Хтосьці кажа, што яму ў гэтым дапамаглі: міністр адмовіўся даць каманду страляць па дэманстрантах.
А 12-й дня Нікалае Чаўшэску з жонкай, двума паплечнікамі і двума агентамі дэпартаменту дзяржбяспекі сеў у верталёт на даху ЦК. Уцекчы з Румыніі ў іх не атрымалася: на перахоп былі паднятыя самалёты.
Чаўшэску з жонкай высадзіліся ля мястэчка Тыргашвіштэ, спынілі аўтамабіль і загадалі ехаць проста наперад. У мястэчку машыну сустрэлі камянямі. Пазней Чаўшэску затрымалі вайскоўцы.
Баі ў Бухарэсце
Тым часам у сталіцы пачаліся баі паўстанцаў і арміі, што ўстала на іх бок, з сіламі дэпартаменту дзяржбяспекі. Яны доўжыліся да 25 снежня. Больш за тысячу загінулі.
Суд над Чаўшэску і яго жонкай адбыўся хутка, за дзве гадзіны. Генсека прызналі вінаватым па ўсіх пунктах абвінавачання: разбурэнне нацыянальнай эканомікі і дзяржаўных інстытутаў, узброены выступ супраць народу і дзяржавы, генацыд. Разам з жонкай ён быў прысуджаны да смяротнага пакарання. Вырак быў выкананы практычна адразу, праз тры дні кадры расстрэлу былі паказаныя па румынскім тэлебачанні.
Расстрэл Нікалае і Елены Чаўшэску
Апошнімі словамі Чаўшэску былі «Я не заслугоўваю».
***
Вядома, чаму для польскіх панкаў важныя падзеі тых дзён у Румыніі. У канцы 1989 года ў самой Польшчы змянілася ўлада, перамог прафсаюз «Салідарнасць». Ды і для ўсяго камуністычнага свету падзеі ў Румыніі сталі нядобным знакам: ад выступу перад сагнаным на плошчу народам да расстрэлу пасля хуткага суда – 4 дні.
Кжыштаф Грабоўксі, лідар Pidżama Porno
***
19 снежня 2010 года ў натоўпе не адчувалася агрэсіі. Не было ніякой прагі крыві, вайны ці яшчэ чаго. Бачыў, як ад дзвярэй Дому ўраду пратэстоўцы адцягвалі тых, хто біў шкло.
20 снежня ў галаве «заліпла» ўжо іншая песня «Піжамы», «Droga na Brześć». А што за блюз пра Бухарэст, я дагэтуль не ведаю. Не змог адшукаць. Ды і якая розніца, што там спявалі?
***
Снежаньскі блюз пра Бухарэст (Pidżama Porno, «Grudniowy Blues o Bukareszcie»)
Памятаю, было 22 снежня
На пачатку другой гадзіны павярнуў ручку радыё
На імгненне спыніўся час
Смяротны час
Тое, ува што не верыў, стала магчымым
А яшчэ тая ноч
Такая непадобная да іншых ночаў
Ноч, падчас якой страшна заснуць
На секунду змружыць вочы
Яшчэ жывыя барыкады, што захіляюць неба
Глядзяць у вочы стваламі гармат
Чуюць іх подых
На наступны дзень яшчэ нічога не было зразумела
П'яны гнеў праз боль выкрываў спеў
Снежаньскі блюз пра адзін горад
Песня, што пажарае страх
І выносіць дзверы кулянепрабіўных Дакій
Песня, што дала бунт, родзіцца з сумневу
Што так доўга могуць квітнець кветкі
Пасаджаныя рукой вязня
Павольна канчаецца ноч, мякчэе шторм
Але ёсць клопаты і на світанні
Найважнейшае тое, што змей страціў атруту
Галовы пацукоў ляцяць з трэскам
Скончыўся 90-ы год
Я піў піва са сляпым шаўцом
Моцнай рукой ён схапіў маю шыю
І ён папрасіў праспяваць яшчэ
Снежаньскі блюз пра адзін горад
Снежаньскі блюз пра Бухарэст