Уладальнік прэміі парталу «Тузін гітоў» «Героі году — 2014» гурт Dzieciuki cыграе вялікі сольны канцэрт у клюбе «Піраты» (Партызанскі пр., 9а) сёння, 9 студзеня, у межах праекту «Жывы Тузін».

Да свайго сольнага выступу гарадзенцы рыхтуюцца з усёй адказнасьцю. «Менск стаў для нас шчасьлівым горадам, тут нас заўсёды прымаюць вельмі цёпла. Таму гэты канцэрт — пэўная справаздача для нашых фанаў. З улікам таго, што за бартом РБ у нас канцэртаў больш чым у роднай краіне, то кожны канцэрт тут на вагу золата. Шчыра запрашаем усіх нашых сяброў ды паплечнікаў!» — кажа вакаліст каманды Алесь Дзянісаў. 2014 год для яго каманды стаў надзвычай плённым — музыкі выдалі альбом «Гарадзенскі гармідар», зьнялі чатыры відэакліпы, зьезьдзілі ў тур па Эўропе і атрымалі прэмію «Героі году» ад парталу Tuzin.fm.

На канцэрт 9 студзеня Dzieciuki рыхтуюць вялікую праграму, куды ўвойдуць як вядомыя песьні, так і зусім новыя рэчы, з наступнага альбома, праца над якім ужо распачалася.

Выступ гарадзенцаў падтрымае яшчэ адзін цікавы выканаўца, яго імя паведамім за тыдзень да канцэрту.

Канцэрт праходзіць у межах акцыі «Жывы Тузін», якую чацьверты сэзон запар ладзяць партал Tuzin.fm з партнэрамі з грамадзкай кампаніі «Будзьма беларусамі!». Весьці яго будзе Аляксандар Памідораў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?