Здавалася, «нічога ня ведаць» і «ня мець нічога супольнага з» сталіся прынцыпам функцыянаваньня Беларускае Праваслаўнае Царквы. Аднак здарыліся дзьве нечаканыя падзеі… Камэнтуе Пётра Рудкоўскі.

Што рабіць з гэтым грэшным сьветам?

Адзін з адказаў на гэтае мэтафізычнае пытаньне можна знайсьці ў выказваньні Старшыні Сыноду Расейскай Праўдзіва-Праваслаўнай Царквы (РППЦ) архіяпіскапа Ціхона, які камэнтуе выбары ў Беларусі і Ўкраіне: «Усе без вынятку палітычныя сілы заінфэктаваны духам, чужым хрысьціянству, і ў першую чаргу духам пыхі і самаўслаўленьня«. Якая практычная выснова з такога мэсыджу? Высновы, як аказваецца, могуць быць розныя.

Па-першае, можна зрабіць маленькую праўку і скасаваць у выказваньні цытавана герарха «ўсе без вынятку» і прыняць, што ўсё ж такі існуе на гэтай зямлі «горад Божы» і яго багабойны валадар, вольны ад усякай пыхі і самаўслаўленьня. Такую выснову, відавочна, робіць слаўны аўтар шэрагу прапагандысцкіх фільмаў Юры Азаронак. Яго «Дзеці хлусьні», «Кансьпіралёгія», а цяпер яшчэ «Духоўная вайна» не пакідаюць сумневаў, што сілы Дабра і Зла разьмяркоўваюцца строга па лініі: беларуская апазыцыя, асабліва нацыянальна арыентаваная (структуры Зла) – беларуская ўлада пасьля 1994 году (сіла і гарантыя Дабра).

Па-другое, можна заняць пазыцыю татальнага адмаўленьня. Ідэалам тут ёсьць пасьлядоўнае дыстанцыяваньне ад ўсякіх палітычных працэсаў, бескампрамісная крытыка «сучаснай культуры» і прынцыповы недавер якім-кольвечы сьвецкім інстытутам. Падаецца, што такую пазыцыю дэманструе айцец Аляксандар Яцкевіч, які, адказваючы на заўвагу карэспандэнта пра тое, што Паўлічэнка, якога Праваслаўная Царква ўзнагародзіла ордэнам сьв. князя Ўладзімера, падазраецца міжнароднай супольнасьцю ў злачынствах, гэтак сказаў: «Ні Царква, ні наш прыход не прымаюць удзелу ў палітычных акцыях, нічога супольнага мы з гэтым ня маем і ня ведаем нічога». Вось так: «нічога ня ведаць» і «ня мець нічога супольнага з» можа стацца прынцыпам функцыяваньня Царквы.

Як можна ацаніць гэтыя дзьве пазыцыі, зыходзячы зь першапачатковай місіі Царквы? Наконт спадара Азаронка дык можна ўпэўнена сказаць, што ў яго «хрысьціянскасьць» паверыць гэтаксама складана, як паверыць у «хрысьціянскасьць» Савецкага Саюзу, распад якога так засмучае аўтара «духоўных войнаў». Што датычыць другой пазыцыі, дык яна да болю нагадвае фарысэізм часоў Ісуса Хрыста. Сама ідэя фарысэізму («фарызэі» ад «пэрушім» – адгароджаныя, аддзеленыя) палягае ў тым, каб «ня мець нічога супольнага» з тым, что нячыстае. Адзіным адрозьненьнем паміж пазыцыяй фарысэяў і праваслаўнымі прыхільнікамі прынцыпу «ня мець нічога супольнага з» ёсьць бадай тое, што фарысэям ня быў уласьцівы канфармізм, у той час, як у словах айца Аляксандра гэтая загана даволі яскрава заўважаецца. Не патрэбна шмат аналітыкі, каб зразумець, што ўзнагароджаньне Паўлічэнкі ордэнам Праваслаўнай Царквы было выразным актам ляяльнасьці ня толькі ў стасунку да гэтага СОБРаўца, але і ў стасунку да ўсяе сыстэмы, якую ён рэпрэзэнтуе. Фарысэі ніколі не дазволілі б сабе такіх актаў ляяльнасьці ані ў стасунку да Ірада, ані тым больш Понція Пілата.

Апошнім часам здарылася ўва ўлоньні Праваслаўнае Царквы тое, што дазваляе спадзявацца, што гэтыя дзьве названыя намі пазыцыі паддаюцца перагляду. Нядаўна кіраўніцтва БПЦ выступіла супраць паказу фільмаў Юрыя Азаронка на праваслаўнай выстаўцы-ярмарцы «Вербны кірмаш». Больш таго, Праваслаўная Царква ў Беларусі на практыцы засьведчыла, што не падтрымлівае дзейнасьці фонду «Праваслаўная ініцыятыва», якая спэцыялізавалася ў выдаваньні літаратуры агрэсіўна-шавіністычнага характару.

Словы Ісуса Хрыста: «Ня кожны, хто кажа «Госпадзе, Госпадзе», увойдзе ў маё Царства», а таксама Яна Багаслова: «Дасьледуйце духі, бо ня кожны дух – ад Бога», здаецца, усур’ёз узяты пад увагу праваслаўнымі ўладамі. Хрысьціянства адпачатна было паддадзена небясьпецы інструмэнталізацыі з боку розных сілаў. Бывае, узьнікае спакуса «аддацца» якой-небудзь палітычнай сіле ды яшчэ вераломна апраўдацца: гэтая ўлада – ад Бога. Бывае, узьнікае спакуса, як у Казуліна, выкарыстаць рэлігійныя пачуцьці людзей дзеля здабыцьця палітычных дывідэндаў (ягоная блюзьнерская інтэрпрэтацыя словаў «избавь нас от лукавого«). Бывае, узьнікае спакуса «нічога ня ведаць» і «ня мець нічога супольнага з», хоць Ян Багаслоў заклікае да нечага адваротнага: дасьледаваць духі.

Менавіта да гэтага – дасьледаваньня і распазнаваньня духаў – і паклікана ў першую чаргу Царква. А асаблівую ўвагу ў гэтым распазнаваньні трэба зьвяртаць на тыя «духі», якія так ахвотна карыстаюцца рэлігійнай рыторыкай і заўзята вядуць «духоўныя войны». Бо, як кажа старадаўняя мудрасьць: corruptio optimi pessime – псаваньне таго, што найлепшае – рэч найгоршая.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0