Інфармацыя аб тым, што Партыя камуністаў Беларуская (ПКБ) не ўстараніла парушэнні, выяўленыя Міністэрствам юстыцыі, і ў сувязі з гэтым будзе ліквідавана, не адпавядае сапраўднасці. Пра гэта ў інтэрв’ю БелаПАН заявіў намеснік старшыні ПКБ Валерый Ухналёў.

2 студзеня дзяржаўнае агенцтва БЕЛТА са спасылкай на міністра юстыцыі Беларусі Віктара Галаванава паведаміла, што Мінюст мае намер накіраваць у Вярхоўны суд іскавую заяву аб ліквідацыі ПКБ. Паведамлялася таксама, што ПКБ не ўстараніла парушэнні, якія сталі прычынай прыпынення яе дзейнасці ў жніўні 2007 года. У прыватнасці, адзначалася, што шэраг аргструктур ПКБ па‑ранейшаму размяшчаюцца не па юрыдычных адрасах; у многіх выпадках іх дзейнасць практычна не вядзецца; у прадастаўленых у Мінюст спісах членаў ПКБ значацца памерлыя або недзеяздольныя грамадзяне; у партыі не наладжана належным чынам праца па ўліку членскіх узносаў. «Магчыма, партыя спрабавала ўстараніць гэтыя парушэнні, аднак у міністэрства ніякіх доказаў аб іх выпраўленні пакуль не прадстаўлена», — цытавала агенцтва БЕЛТА В.Галаванава.

Пры гэтым паведамлялася, што тэрмін прыпынення дзейнасці ПКБ заканчваецца 2 студзеня.

«Гэтая інфармацыя не адпавядае сапраўднасці практычна поўнасцю, — заявіў В.Ухналёў. — Па‑першае, тэрмін прыпынення дзейнасці партыі заканчваецца 2 лютага. Па‑другое, ніхто з Мінюста яшчэ не правяраў ні нашу партыю, ні нашы структуры, таму гаварыць аб нейкіх парушэннях або недахопах нельга. Па‑трэцяе, усе дакументы аб устараненні парушэнняў, за якія дзейнасць партыі прыпынена, мы павінны накіраваць за 10 дзён да канца тэрміну прыпынення, і гэтыя дакументы абавязкова будуць накіраваны ў Мінюст 21—22 студзеня».

Паводле слоў В.Ухналёва, кіраўніцтва ПКБ ужо накіравала ў Мінюст, Вярхоўны суд і агенцтва БЕЛТА лісты з просьбай даць тлумачэнні і абвергнуць агучаную інфармацыю. Гэтую інфармацыю ў партыі расцэньваюць як адзін з падрыхтоўчых этапаў для наступнай ліквідацыі ПКБ, падкрэсліў Ухналёў.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0