Шклоўскі суд пакараў намесьніка старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва на 25 базавых велічыняў (3 мільёны 750 тысяч рублёў) за ўдзел ва ўшанаваньні паўстанцаў Кастуся Каліноўскага.

Судзьдзя Сьвятлана Баранчыкава кваліфікавала гэта як несанкцыянаванае масавае мерапрыемства. Палітык сваёй віны не прызнаў і будзе абскарджваць вырак.

Супраць Кастусёва сьведчылі двое супрацоўнікаў міліцыі, якія складалі пратакол.

Паводле палітыка, у матэрыялах справы было шмат парушэньняў. Сярод іх ён называе пратэрміноўку складаньня пратаколу. На міліцэйскім відэазапісе цяжка разабраць, кажа палітык, хто пра што гаворыць. Таксама на відэазапісе адсутнічала дата.

Рыгор Кастусёў лічыць, што дасланыя са Сьвіслачы ў Шклоўскі суд матэрыялы справы не павінны былі прымацца для разгляду.

«Адназначна, улады імкнуцца запалохаць ня толькі ўдзельнікаў мерапрыемства, як назвалі міліцыянты наведваньне памятных мясьцінаў, зьвязаных з паўстаньнем Каліноўскага, але і ўсю грамадзянскую супольнасьць Беларусі. Хутка 2015 год і прэзыдэнцкія выбары. Ужо адбываецца папярэдняя зачыстка, каб выбары правесьці як мага спакайней і з больш выгадным паказчыкам для пераможцы», — камэнтуе вырак Рыгор Кастусёў.

Кастусёў стаў дванаццатым удзельнікам акцыі па ўшанаваньні каліноўцаў, якога пакаралі штрафам. Амаль усіх актывістаў каралі аднолькава — 25 базавымі велічынямі, як і Кастусёва.

Ушаноўвалі каліноўцаў у Сьвіслачы 26 кастрычніка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?