Пытанне, ці трэба хадзіць да стаматолага рэгулярна, калі нічога не баліць, для многіх беларусаў даўно не пытанне. Але ж ці ёсць рэальныя падставы назірацца ў дантыста 2 разы на год, ці гэта камерцыйны ход, прыдуманы дантыстамі, каб зацягнуць нас лішні раз на прыём?

І сапраўды, калі вы не маеце ў роце істотных праблем, не важна, прыйдзеце вы 2 разы на год ці раз на 2 гады. Але значэнне рэгулярнасці наведванняў тым большае, чым больш праблем з’яўляецца ў пацыента.

Заклапаціўшыся пытаннем, ці паляпшаюць стаматалагічнае здароўе рэгулярныя агляды, амерыканцы зрабілі наступныя высновы. У плане пашкоджання зубоў карыесам істотнай розніцы не назіралася – у сярэднім колькасць пашкоджаных зубоў была аднолькавая і ў тых, хто наведваў дантыста рэгулярна, і ў тых, хто рабіў гэта нячаста. Аналагічныя вынікі былі атрыманыя пры аналізе запалення дзёснаў.

Аднак – і момант гэты сапраўды сур’ёзны – рэгулярныя агляды паражніны роту – гэта частка анкалагічнага агляду, а пухліны, знойдзеныя ў роце, штогод прыводзяць да калецтва і смерці тысячы, а то і дзясяткі тысяч чалавек. Тут ужо, сапраўды, чым раней знойдзена – тым больш шанцаў на выжыванне.

Але гэта – статыстыка, і паказчык «адна курыца на аднаго жыхара» не сведчыць пра наяўнасць курыцы ў вашай канкрэтнай лядоўні. Таму, калі ваш дантыст кажа пра высокую рызыку карыесу альбо хвароб перыядонта менавіта ў вас, дык вам неабходна бываць у дантыста двойчы на год. Калі вашая паражніна рота параўнальна ўстойлівая і вы не маеце дадатковых фактараў рызыкі – можаце скараціць візіты ўдвая і нават утрая.

Хто ж з’яўляецца групай рызыкі ў плане стаматалагічнага здароўя?

Прыгадайце сваіх бацькоў, пацікаўцеся станам рота ў братоў ды сясцёр. Заўчасная страта альбо незадавальняючы стан іх зубоў ды дзёснаў – званочак для вас. Хворыя на дыябет, эпілепсію, шчытавіцу, анкалогію любой лакалізацыі, хваробы крыві непазбежна сутыкнуцца з пагаршэннем стану зубоў. Цяжарнасць, іншыя гарманальныя змены, любыя аперацыі пад наркозам (якія вы перанеслі ці неўзабаве мусіце перанесці) – нагода быць пільным у зубных справах. Прафесійныя шкоднасці – пастаянны кантакт з кіслотнымі выпарэннямі і цяжкімі металамі, праца ў кандытарскім цэху і інш., прыем некаторых лекаў – наапрыклад, салянай кіслаты… Спіс амаль бясконцы. Перыяды кепскага харчавання, пастаяннага стрэсу і недаступнасці эфектыўных сродкаў гігіены – да прыкладу, знаходжанне ў месцах пазбаўлення волі – гэтак сама аўтаматычна пераводзяць пацыента ў групу рызыкантаў. Людзі з «каменнымі» хваробамі нырак, пячонкі, жоўнявага пухіра ці слінных залоз часцяком маюць процьму камянёў і на зубах.

Штодзённыя хатнія гігіенічныя працэдуры, безумоўна, важны фактар. Немагчымасць паўнавартасна ачысціць рот (шыны пры пераломах сківіц, парушэнне каардынацыі як следства перанесеных хвароб ці траўмы мозга, дый проста пералом вядучай рукі) ў кароткі тэрмін прыводзіць да пагаршэння стану рота. Гэта той выпадак, калі адназначна неабходная рэгулярная прафесійная гігіена на прыёме ў стаматолага. А як часта трэба здымаць зубны камень, зубны налёт ды паліраваць зубы, падкажа лекар.

З’яўленне на твары альбо ў роце незразумелых плямак, ранак, эрозій, бляшак, дэфектаў, бародавак і г.д., якія на працягу тыдня-двух не зніклі бясследна – нагода звярнуцца да спецыяліста, бо такім чынам могуць праяўляцца розныя хваробы ад раку да сіфілісу і не толькі.

Падсумуем: візіт да дантыста – гэта не сродак прафілактыкі карыеса ці гінгівіта як такога, але спосаб пазбегнуць ускладненняў – разбурэння ці разгойдвання зубоў – сваечасовым лячэннем. Чым больш фактараў рызыкі на вас уплываюць, тым часцей мусяць быць вашыя візіты да стаматолага. Абавязкова саніруйце рот напярэдадні аперацый на любым органе і пры планаванні цяжарнасці. І памятайце: усе гэтыя рэкамендацыі датычаць сітуацыі, калі вас у вашым роце нічога не турбуе ды не бянтэжыць. Калі ж праблема праявілася, звяртацца па дапамогу трэба як мага хутчэй.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?