Кацярына Салаўёва

Судовы працэс па справе полацкай актывісткі незарэгістраванага «Маладога фронту» Кацярыны Салаўёвай быў перанесены на 14 студзеня.

Яе абвінавачваюць у тым, што летась у ноч на 26 лістапада яна нібыта напісала на будынку полацкага гарвыканкаму лозунг «Малады фронт не спыніць!».

Сама Кацярына свайго ўчынку не адмаўляе, аднак, як высветлілася, ад самага пачатку адміністрацыйнае справаводства у дачыненні да яе вялося з парушэннямі. Менавіта з‑за гэтага сёння суддзя і пастанавіла перанесці разгляд справы на 14 студзеня.

Нагадаем, што супраць Кацярыны Салаўёвай распачатая яшчэ і крымінальная справа за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі. Адметна, што ціск на маладафронтаўку распачаўся менавіта напярэдадні экзаменацыйнай сэсіі у Полацкім дзяржуніверсітэце, з якога Кацярыну ўжо спрабавалі адлічыць увосень, але не змаглі гэтага зрабіць з‑за ціску грамадскасці.

Паводле: Ігар Олін, Радыё Рацыя

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0