У паселішчах Меншчыны ў 2008 годзе плянуецца ўвесьці падатак з продажаў тавараў у раздробавым гандлі, на паслугі, за паркоўку, на абнаўленьне грамадзкага транспарту, а таксама спаганяць грошы за валоданьне сабакам.

Абласныя ўлады прыдумалі‑такі магчымасьць папаўненьня бюджэту за кошт жыхароў Меншчыны. Трэба прызнацца, гэта не ўпершыню: кожнае скліканьне абласнога савету дэпутатаў сама перш уводзіла падатак з продажаў у раздробавым гандлі. Стаўкі традыцыйныя і не зьмяняюцца ўжо трынаццаты год: 5% выручкі ад рэалізацыі тавараў.

Апроч таго, на абласным узроўні мяркуецца ўвесьці таксама падатак на паслугі ў памеры 10% выручкі ад рэалізацыі.

Плянуецца ўвесьці збор з нарыхтоўшчыкаў у памеры 5% падаткавай базы.

Абласны савет дэпутатаў у пошуках «унутраных рэзэрваў» зьбіраецца ўсталяваць зборы за паркоўку (стаянку) транспартных сродкаў у спэцыяльна абсталяваных месцах, за валоданьне сабакамі й выкарыстаньне іх у прадпрымальніцкай дзейнасьці.

Таксама абласныя абранцы народу плянуюць увесьці мэтавы збор на утрыманьне і разьвіцьцё інфраструктуры ў памеры 1% ад прыбытку, які застаецца ў распараджэньні прадпрыемства, а таксама мэтавы транспартны збор на абнаўленьне й аднаўленьне транспарту агульнага карыстаньня, які выкарыстоўваецца на маршрутах у гарадзкіх пасажырскіх, прыгарадных і міжгародніх аўтобусных зносінах (2% ад прыбытку).

Зазірнуўшы ў кашалькі жыхароў Менскай вобласьці, вэртыкальшчыкі й дэпутаты папоўняць дзяржаўны скарб на 642,5 мільярдаў рублёў.

Паводле borisov-e.info

Глядзі яшчэ:
Абавязковае страхаваньне для быдла і жыта

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0