Улады Беларусі ўпершыню вырашылі адкрыць два ганаровыя консульствы на тэрыторыі ЗША: адно з іх будзе дзейнічаць у штаце Фларыда, другое — у штаце Тэхас, распавёў РІА Навіны ганаровы беларускі консул у Фларыдзе Міхаіл Маргуліс.
Па яго словах, загад кіраўніка МЗС Беларусі «быў падпісаны некалькі тыдняў таму». Зараз рашэнне яшчэ мусіць зацвердзіць дзярждэпартамент ЗША. Чакаецца, што гэта адбудзецца адразу пасля Новага года.
«Мы павінны пастарацца адкрыць Амерыцы Беларусь, пра якую тут мала хто ведае», — патлумачыў Мfргуліс свае задачы на новай пасадзе. Ён лічыць Беларусь «важнай краінай, якая з'яўляецца свайго роду мастом паміж Усходам і Захадам».
Маргуліс, які жыве ў ЗША ўжо шмат гадоў і які ўзначальвае тут фонд «Духоўная дыпламатыя», распавёў, што ў яго існуе цэлы шэраг праектаў, якія тычацца развіцця амерыканска-беларускіх адносін. «Некалькі гадоў таму наш фонд арганізаваў паездку групы баскетбалістаў амерыканскай НБА ў Беларусь. Вясной мы плануем зладзіць яшчэ адзін такі візіт», — распавёў ён, адзначыўшы, што гэта «спрыяе збліжэнню народаў дзвюх краін».
Беларускі дыпламат выказаў упэўненасць, што яго краіна можа згуляць значную ролю ў збліжэнні Расіі і ЗША.
«Рускіх і беларусаў я разглядаю як адзіную сям'ю, прадстаўнікі якой сядзяць па розныя бакі аднаго стала. І ў гэтым сэнсе мы можам многае зрабіць для навядзення мастоў паміж Масквой і Вашынгтонам», — дадаў ён.