Прэзідэнт Чачні Рамзан Кадыраў сабраў на стадыёне ў Грозным каля 20 тысяч узброеных спецназаўцаў.

Ён заявіў, што гатовы абараняць інтарэсы Расіі і яе межы.

Па словах Рамзана Кадырава, «Амерыка і Еўропа абвясцілі Расіі эканамічную вайну, спрабуюць выклікаць у краіне хаос, паніку, масавыя беспарадкі». Аднак «расійскі народ аб'яднаўся вакол свайго лідара Уладзіміра Пуціна», а «чачэнскі народ у гэтым адзінстве займае адно з цэнтральных месцаў», — сказаў Кадыраў.

Пазней кіраўнік Чачні на адной са сваіх афіцыйных старонак у сацыяльных сетках растлумачыў, што правёў раптоўную праверку боегатоўнасці супрацоўнікаў сілавых структур рэспублікі.

«Да прызначанага часу на стадыён прыбылі больш за 15 тысяч чалавек у поўнай экіпіроўцы, маючы зброю, боепрыпасы, абмундзіраванне, сродкі сувязі, сухі паёк. Усе да адзінага раней напісалі заявы, што заўсёды гатовыя выступіць на абарону законных інтарэсаў Расіі», - адзначыў кіраўнік Чачні.

Кадыраў падкрэсліў, што чарговы раз пераканаўся ў высокім баявым, маральным духу і пачуцці патрыятызму байцоў.

«Я не магу зразумець на што разлічвае Пуцін, калі узбройвае 20000 кадыраўцаў, тых, хто сабраўся сёння на стадыёне ў Грозным. Пуцін кожны год спраўна фінансуе Чачэнію, адсылаючы туды эшалоны з грашыма. 60 млрд рублёў штогод, гэта як мінімум, складае ўзровень датацый рэспублікі. Колькі ідзе датацый праз розныя праграмы распілоўвання тыпу Курорты Паўночнага Каўказа аднаму Алаху вядома», - напісаў на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» адзін з лідэраў расійскай апазіцыі Барыс Нямцоў.

Ён лічыць, што «негалосны кантракт паміж Кадыравым і Пуціным — грошы ў абмен на лаяльнасць, заканчваецца».

«І куды пойдуць 20000 кадыраўцаў? Што будуць патрабаваць? Як сябе паводзіць? Калі прыедуць у Маскву? Я не памятаю ніводнага прыкладу ў гісторыі Расіі, каб рускія кіраўнікі рабілі стаўку ў барацьбе за ўладу на чачэнскія палкі..», - заключае Барыс Нямцоў.

Нагадаем, што раней Кадыраў заявіў, што гатовы адправіцца ваяваць на Данбас паводле загаду Пуціна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?