Найкруцейшы мікраблогер года

Найкруцейшы мікраблогер года

Галоўнай навуковай падзеяй году рэдакцыя аднаго з самых аўтарытэтных акадэмічных часопісаў прызнала першую ў гісторыі пасадку касмічнага апарату на камету — лабараторны модуль «Філы» паспяхова сеў на паверхню каметы 67P/Чурумава—Герасіменкі 12 лістапада. Аб гэтым касмічны апарат паведаміў у сваім твітары.

Прэтэндэнтамі на навуковую падзею года таксама былі:

Пярнаты Куліндадромеус забайкальскі, як ні дзіва, зусім не радня птушкам

Пярнаты Куліндадромеус забайкальскі, як ні дзіва, зусім не радня птушкам

Нараджэнне птушак. Навукоўцы прасачылі эвалюцыю дыназаўраў і ранніх птушак, даследавалі марфалагічныя прыкметы 150 відаў і таўшчыню костак ног 426 відаў. Чалавецтва даведалася, як радня тыраназаўра з цягам часу ператварылася ў лебедзя і салаўя. Высветлілася, што косткі птушыных продкаў з цягам часу танчэлі і менелі, што дазваляла летунам дасягаць той ежы, якая не цікавіла іх вялікіх братоў.

Маладая кроў. Барацьба з наступствамі старэння прайшла паспяхова на лабараторных мышах. Кампаненты крыві маладой мышы амаладзілі цягліцы і мозг старой мышы. Эксперыменты на людзях ужо праводзяцца: 18 хворых на Альцгеймера атрымліваюць плазму ад маладых здаровых донараў, вынікі будуць вядомыя ў наступным годзе.

Армія не надта разумных дроідаў Гандлёвай федэрацыі з фільму «Зорныя Войны»

Армія не надта разумных дроідаў Гандлёвай федэрацыі з фільму «Зорныя Войны»

Самастойныя робаты. Ратуйце Сару Конар, робаты навучыліся кааперавацца без кантролю чалавека! Невялічкія боты змаглі самастойна ствараць складаныя формы на стале. Квадракоптары навучыліся лётаць чарадой і не сутыкацца, проста абменьваючыся звесткамі аб сваёй лакацыі. Падобна тэрмітам іншыя робаты змаглі збудаваць простую структуру, аналізуючы патрэбныя для пабудовы крокі.

Камп’ютарны мозг. Інжынеры IBM распрацавалі «нейраморфныя» чыпы, якія апрацоўваюць інфармацыю шляхам, падобным да таго, як працуе чалавечы мозг. 5,4 млрд транзістараў і 256 млн «кіберсінапсаў» чыпа TrueNorth гэта яшчэ не 100 млрд клетак і 100 трыльёнаў сінапсаў чалавечага мозгу, але яны ўжо спрабуюць спраўляцца з апрацоўкай масіваў звестак накшталт тых, што атрымлівае чалавечы зрок.

На Сулавесі так рабілі да таго, як гэта стала мэйнстрымам

На Сулавесі так рабілі да таго, як гэта стала мэйнстрымам

Пячорнае мастацтва. Дагістарычнае графіці на востраве Сулавесі мае ўзрост прынамсі 40 тысяч год. Адкрыццё гэтых малюнкаў можа змяніць сучасныя ўяўленні аб развіцці чалавечага розуму, асабліва аб геаграфіі гэтага працэсу — раней найдаўнейшыя пячорныя малюнкі былі знойдзеныя ў Еўропе.

Лекаванне дыябету. Даследчыкі знайшлі шлях ператварэння ствалавых клетак чалавека ў штучныя панкрэатычныя бэта-клеткі. Такія самыя, якія знішчаюцца імуннай сістэмай хворых на дыябет 1 тыпу. І такія самыя, якія выпрацоўваюць інсулін, які вымушаныя калоць сабе дыябетыкі. Праўда, гэтыя клеткі яшчэ не навучыліся бараніць ад імуннай сістэмы.

Як фальшывая памяць працуе на людзях, глядзіце ў гульні Remember Me

Як фальшывая памяць працуе на людзях, глядзіце ў гульні Remember Me

Фальшывая памяць. Лабараторным мышам больш не варта давяраць сваёй памяці, асабліва калі да іх мозгу падключалі оптавалакно і праз яго дасылалі імпульсы лазерам. Такім шляхам навукоўцы могуць зрабіць дрэнны ўспамін добрым і наадварот. Напрыклад, самца можна пераканаць, што ў гэтым пакоі ён стрэў пекную самку, калі насамрэч там ён напаткаў непрыемны электрашок.

Мікраспадарожнікі. Праекту CubeSat ужо не адзін год (на самой справе 15), але менавіта ў 2014-ым невялічкія 10-сантыметровыя кубікі па 8 тысяч даляраў зрабілі свой касмічны бум. За год іх было запушчана 75 — і кожны робіць свае вымярэнні і назіранні, хто для буйных і малых інстытутаў, хто для вайскоўцаў, хто для карпарацый.

Чарльз Ксаўрер ухваляе. Патрык Сцюарт у ролі Прафесара Ікс у фільме «Людзі Ікс»

Чарльз Ксаўрер ухваляе. Патрык Сцюарт у ролі Прафесара Ікс у фільме «Людзі Ікс»

Генетычны алфавіт. Чатыры літары, A, T, G і C, дастаткова, каб расшыфраваць усё жыццё на Зямлі. Ці амаль усё. У гэтым годзе генетычны алфавіт займеў дзве новыя літары, X і Y. Да чатырох відаў звыклых азотыстых аснаванняў, чыя паслядоўнасць у малекуле ДНК і з’яўляецца кодам, што перадае інфармацыю праз пакаленні, дадалі два штучных і зусім не падобных да натуральных. Імі паспяхова ўзбагацілі геном кішковай палачкі — такім чынам у перспектыве можна «навучыць старога сабаку новым фокусам».

Апошняе адкрыццё перамагло ў галасаванні чытачоў. Наступным па сімпатыях карыстальнікаў стала «маладая кроў», а пасадка на камету заняла толькі трэцяе месца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?