Папярэджваем: пад кожным фільмам акрамя першага не беларускія, а меркаваныя сусветныя даты прэм’ер. Беларуская прэм’ера можа адбыцца пазней ці нават на дзень раней, а можа і не адбыцца ўвогуле. Сусветная прэм’ера можа быць перанесеная. Назвы фільмаў у беларускім пракаце могуць істотна адрознівацца ад арыгінальных назваў.

Зыход: Цары і Богі

(Exodus: Gods and Kings)

1 студзеня

Першая ў беларускіх кінатэатрах стужка года распавядзе біблейскую гісторыю Майсея (па сцверджаннях стваральнікаў) дастаткова рэалістычна. Фільм з «Бэтмэнам» Крыстыянам Бэйлам у галоўнай ролі ужо паспелі забараніць да паказу ў Марока праз чалавечае прадстаўленне Бога і Егіпце праз «сіянізм».

Закладніца-3

(Tak3n)

9 студзеня

Немаладому Ліяму Нісану зноў прыйдзецца вызваляць блізкіх яму людзей. На гэты раз перашкода сур’ёзная: уся паліцыя. Яго героя, Браяна Мілса, абвінавачваюць у забойстве ўласнай жонкі.

Кібер

(Blackhat)

16 студзеня

Крыс «Тор» Хэмсварт паспрабуе не расчараваць камп’ютаршчыкаў: фільм з ім у галоўнай ролі прэтэндуе на рэалістычны паказ хакерства. Яго герой — кіберзлачынца, якога наймае ФБР для барацьбы з вельмі бязлітасным хакерам.

Мардэкай

(Mortdecai)

23 студзеня

За вусамі славутага арт-эксперта і махляра Чарлза Мардэкая хаваецца сам Джоні Дэп. Уявіце: Капітан Джэк Верабей становіцца Астапам Бэндэрам і адначасова Остынам Паўэрсам.

Усход Юпітар

(Jupiter Ascending)

6 лютага

Стваральнікі «Матрыцы», брат і сястра Вачоўскі (так, адзін з братоў паспеў памяняць пол) вяртаюцца! І яны абяцаюць грандыёзнае відовішча. Праўда, сюжэт здаецца крыху прастадушным: дзяўчынка па імі Юпітар сустракае «прынца на белым кані» Кейна, які распавядае ёй пра яе лёс: уратаваць увесь сусвет, значна шырэйшы за вядомы чалавецтву.

50 адценняў шэрага

(Fifty Shades of Grey)

13 лютага

Джэймі Дорнан, выканаўца галоўнай ролі ў экранізацыі рэзананснага раману Э.Л. Джэймс, сцвярджае, што ў фільме не будзе порна. Пэўныя эратычныя сцэны будуць, але ніякіх аголеных целаў. Разыходзімся? Ці ёсць і тыя, хто палюбіў кнігу не за апісанне палавых актаў?

Чапі

(CHAPPiE)

6 сакавіка

Чапі — эксперыментальны робат, наладжаны каб вучыцца і адчуваць як чалавек. Мілы, амаль як Уолл-і. Ды бяда: скрадзены злачынцамі (у выкананні гурта Die Antwoord) і навучаны імі бандыцкім штукам. Рэжысёр стужкі — Ніл Бломкамп, вядомы па «Раёне №9» і «Элізіюме», таму можна спадзявацца, што будзе дастаткова і экшну, і гумару.

Папялушка

(Cinderella)

13 сакавіка

«Дыснэй» вырашылі перазняць сваю класічную казку 65-гадовай даўніны. Менавіта як класічную казку, без усялякіх жарцікаў. Граць Папялушку, кажуць, запрашалі Эму «Герміёну» Уотсан, але ў выніку роля дасталася меней вядомай, але не меней прывабнай Лілі Джэймс.

Фарсаж-7

(Furious 7)

3 красавіка

Гоначная сага з Вінам Дызелем і Полам Уокерам доўжыцца ўжо 14 год і спыняцца не збіраецца. Нават пасля смерці Пола Уокера, які загінуў у аўтакатастрофе ў лістападзе 2013-га. Сцэнар перапісаны так, каб яго герой сышоў у адстаўку (не абыдзецца без камп’ютарнай графікі), а серыю фільмаў можна было працягнуць.

Мы, браты / Авель

(Мы, братья)

18 красавіка

Беларускі нацыянальны кінапраект наўрад ці збярэ сотні мільёнаў у сусветным пракаце, але ў Беларусі мае ўсе шанцы стаць хітом. Тут і рэстаўрацыя знаёмых многім падзей на Плошчы-2010, і мематычная фраза «Что-то не так», і здымкі выканаўцы галоўнай жаночай ролі ў Playboy i Maxim…

Мсціўцы: Эра Альтрона

(Avengers: Age of Ultron)

1 мая

Marvel настолькі ўдала сумяшчае эпічны баявік і няпошлы гумар у экранізацыях сваіх супергеройскіх коміксаў, што ўжо і не так важна, ад каго там будуць ратаваць Зямлю. Усё роўна ўсе пойдуць на Тоні Старка, а хто не на яго, той на Чорную ўдаву.

Шалёны Макс: Дарога лютасці

(Mad Max: Fury Road)

15 мая

Праз 36 год пасля першага «Шалёнага Макса» і праз 30 пасля апошняга сіквэла легенда жанру постапакаліпсіс вернецца на дарогу з арыгінальным рухавіком — рэжысёрам Джорджам Мілерам. Дзіўныя машыны, пустэльня, хайвэі і стрэльбы — усё астатняе таксама на месцы. Толькі замест Мэла Гібсана Том Хардзі.

Зямля будучыні

(Tomorrowland)

22 мая

Не чапайце незнаёмыя значыкі, а тое некаторыя тэлепартуюць у дыснэеўскую хайтэк-казку. Ці не зусім казку, а калектыўную памяць. Заманліва? Джордж Клуні бонусам.

Свет Юрскага перыяду

(Jurassic World)

12 чэрвеня

Праз 10 год «вытворчага пекла» чарговы працяг «Парку Юрскага перыяду» ўсё ж трапіць на экраны. У самім парку таксама мінула нямала часу: 22 гады з адкрыцця. Інтарэс публікі згасае, прыходзіцца прыдумляць новыя фокусы. Вядома, чым тое скончыцца. Дарэчы, стужку паспелі раскрытыкаваць за нерэалістычных дыназаўраў: маўляў, лялькі 1993 года выйшлі лепей за камп’ютарныя мадэлі 2014-га.

Галаваломка

(Inside Out)

19 чэрвеня

Новы мультфільм Pixar распавядзе нам пра нашых тараканаў у галаве. Тараканы мілыя, антрапаморфныя і пухнатыя. Зваць іх Радасць, Смутак, Страх, Гнеў і Грэблівасць, жывуць яны ў галаве 11-гадовай Райлі Андэрсан.

Тэрмінатар: Генэзіс

Terminator: Genisys

1 ліпеня

Тэрмінатар з Арнольдам Шварцэнэгерам вяртаецца! Але трошкі ў іншы свет: Джон Конар дасылае ў мінулае лейтэнанта Кайла Рыза, каб той уратаваў Сару Конар, маці Джона. Але Кайл знаходзіць зусім не тое, да чаго яго рыхтавалі. Але Сара Конар ужо выхаваная тэрмінатарам-Шварцэнэгерам.

Міньёны

(Minions)

10 ліпеня

Бананападобныя стварэнні з «Брыдкі я» атрымалі славу хіба не большую за галоўных герояў мультфільма, але іх гісторыя дагэтуль не была раскрытая. Як высветліцца, яны вельмі старажытныя стварэнні, якія прагнуць аднаго: служыць самаму агіднаму злодзею. Праўда, злодзей наўрад будзе рады.

Фантастычная чацвёрка

(The Fantastic Four)

7 жніўня

Калі «супергеройскае кіно Marvel» насамрэч стала Брэндам з вялікай літары, можна паспрабаваць зноў перазапусціць экранізацыю Фантастычнай чацвёркі. Папярэднія спробы (не самыя ўдалыя) рабіліся ў 1994 і 2005 гадах.

Монстры на канікулах-2

(Hotel Transylvania 2)

25 верасня

Першыя «Монстры на канікулах», што распавядалі гісторыю простага хлопчыка, які патрапіў у кампанію нячысцікаў ды закахаўся ў вампірку, меў нечаканы поспех. У працягу стужкі монстры паедуць адпачываць, але ім не ўратавацца ад людзей.

Барвовы пік

(Crimson Peak)

16 кастрычніка

Жудзік ад рэжысёра «Лабірынта Фаўна» і «Ціхаакіянскай мяжы» ды сцэнарыста «Хобітаў» — Гільерма дэль Тора. Гатычны раманс з прывідамі Англіі ХІХ ст., які пакажа, што прывіды страшнейшыя за людзей.

007: Спектр

(Spectre)

6 лістапада

Дваццаць чацверты фільм пра легендарнага агента 007, Джэймса Бонда, з Дэніэлам Крэйгам у галоўнай ролі. Як заўсёды дарагія машыны (у прыватнасці Aston Martin DB10), прыгожыя жанчыны (у іх ліку Моніка Белучы), тэрарысты і палітычныя інтрыгі.

Галодныя гульні: Сойка-перасмешніца, частка 2

(The Hunger Games: Mockingjay - Part 2)

20 лістапада

На чацвертую частку «Галодных гульняў» будзе, пэўна, цяжкавата зацягнуць тых, хто не чытаў кнігу. Тыя жа, хто чытаў, ведаюць, што павольны гутарковы трылер папярэдняй часткі зменіцца практычна чыстым экшнам, перамогай дабра над злом, а потым і перамогай іншага дабра над пераможным дабром.

Зорныя войны: Сіла прабуджаецца

(Star Wars: The Force Awakens)

18 снежня

Стужка нарабіла нямала шуму яшчэ да першага трэйлеру, а першы трэйлер літаральна ўзарваў інтэрнэт светлавым мячом новай формы. Усё, што вядома пра фільм, «Наша Ніва» сабрала тут.

Місія невыканальная-5

(Mission: Impossible 5)

25 снежня

«Новая бандыяна» з Томам Крузам. Пра сцэнар пакуль нічога не вядома. Хіба вядома, што герою Тома Круза прыйдзецца прагуляцца па фюзеляжы аграмаднага самалёта, адмахваючыся ад верталёта над галавой.

Агідная васьмёрка

(The Hateful Eight)

снежань 2015

Восьмы фільм Квэнціна Тарантына распавядзе пра Дзікі Захад пасля Грамадзянскай вайны і не будзе працягам «Джанга». Культавы рэжысёр абяцае традыцыйны «спагеці-вэстэрн». Сцэнар фільма ўцёк у інтэрнэт, але сцвярджаецца, што ён не быў сапраўдным.

Якіх фільмаў чакаеце вы?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?