Апостальскі візітатар для беларусаў-каталікоў замежжа айцец Аляксандр Надсан цяжка хварэе. Сёлета ён упершыню не змог напісаць традыцыйнага каляднага паслання. Тым не менш, ён перадае вітанні і бласлаўленні чытачам «Нашай Нівы» і ўсім беларусам.

Айцец Надсан зычыць, каб новы год прынёс Беларусі перамены да лепшага. «Хочацца дажыць!» — пажартаваў 88-гадовы патрыярх беларускіх цэркваў і культуры.

«Нам давялося бачыць і дасведчыць розных людскіх спробаў зрабіць нас «шчаслівымі», не пытаючыся нашай згоды, — пісаў айцец Надсан у сваім пасланні год назад. — Нашыя «дабрачынцы» думаюць, што ведаюць лепш за нас, што нам трэба для шчасця.

І калі мы з імі не згаджаемся, яны не супраць ужыць сілу, каб нас, неразумных, ашчаслівіць. Вынікі іх «дабрачыннай» дзейнасці нам добра вядомыя.

Не так Бог. Таму Ён з уласнай волі прыйшоў на свет, як малое бездапаможнае дзіцятка, якое не толькі не пагражала нікому, але мела патрэбу ў нашай дапамозе і спагадзе. Пасля, у дарослым веку, Ён адмовіцца ад ужывання сілы і не будзе абяцаць «неадкладнага шчасця», але скажа: «Прыйдзіце да Мяне, усе струджаныя і абцяжараныя, і Я супакою вас. Вазьміце ярмо маё на сябе і навучыцеся ад Мяне, бо я ціхі і пакорнага сэрца, і знойдзеце супакой для душаў вашых. Бо ярмо маё прыемнае, і цяжар мой лёгкі» (Мц 11:28-30). Іншымі словамі, Ён абяцаў тым, што пайшлі за ім, не вызваленне ад цяжкасцяў, але даць сілу пераносіць іх.

Вось гэтай сілы духоўнай, каб перанесці цяжкасці жыццёвыя і не заламацца, хай Госпад і Бог наш Ісус Хрыстос, чыё нараджэнне ў целе сёння радасна святкуем, дасць нам усім».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?