Паўднёвакарэйскія сухапутныя сілы выдаткоўваюць 901,5 мільярда вон (каля $800 мільёнаў) на пакупку танкаў К2 Black Рanther, паведаміла агенцтва абаронных паставак краіны.

Аб'ём замовы не называецца, аднак паводле паведамленняў шэрагу СМІ, адзін К2 каштуе каля $8 мільёнаў. Магчыма, аднак, што гэта кошт першых невялікіх партый танкаў, і што кошт моцна знізіцца падчас масавай вытворчасці. Згодна з умовамі, кантракт мусіць быць выкананы да 2017 году.

Рэспубліка Карэя дагэтуль не мае мірнай дамовы з паўночнай камуністычнай КНДР, якая пачала ў 1950 годзе агрэсію з мэтай далучыць паўднёвую частку краіны да сябе. Атака, якую падтрымалі камуністычныя СССР і Кітай, прывяла да ўводу войскаў ААН пад кіраўніцтвам ЗША.

К2 — найбольш сучасны асноўны баявы танк (АБТ) у свеце, ягоная сэрыйная вытворчасць пачалася толькі ў 2013 годзе, а распрацоўка пачалася ў 1995 годзе. Вайскоўцы плануюць цалкам замяніць танкамі К2 карэйскія танкі К1.

Хоць К1 і без таго маюць перавагу над састарэлымі машынамі Т-55 і «Type 59» паўночнакарэйскай арміі, але К2 змогуць канкурыраваць з усімі іншымі танкамі на знешніх рынках узбраенняў, а таксама маюць куды больш кампанентаў мясцовай вытворчасці.

К2 важаць 55 тон, маюць экіпаж з 3 чалавек, узброеныя пушкай калібру 120 мм, двумя кулямётамі калібру 12,7 мм і 7,62 мм. Машына можа весці агонь з пушкі з хуткасцю да 20 стрэлаў у хвіліну, бо мае зарадны аўтамат, аналагічны выкарыстанаму на французскіх танках Leclerc. Танк здольны рухацца з хуткасцю да 70 км/г.

Таксама машына можа выкарыстоўваць KSTAM (Korean Smart Top-Attack Munition) — баепрыпасы карэйскай распрацоўкі, з уласнай сістэмай навядзення, радарам і інфрачырвоным сэнсарам, што дазваляе трапляць у верхнюю, найбольш тонкую браню танкаў.

Вытворца танкаў — кампанія Hyundai Rotem, якая ўваходзіць у Hyundai Motor Group. Hyundai Motor Group — самы вялікі вытворца аўтамабіляў у Паўднёвай Карэі, другі пасля японскай Toyota вытворца аўтамабіляў у Азіі і чацвёрты ў свеце.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?