Нацыянальная акадэмія навук Беларусі назвала топ-10 вынікаў вучоных акадэміі навук за 2014 год у галіне фундаментальных і прыкладных даследаванняў, паведамілі ў прэс-службе НАН.
У Навукова-практычным цэнтры па матэрыялазнаўстве створаныя новыя магнітныя метаматэрыялы — магнітаплазмавыя крышталі, якія ўяўляюць сабой метала-дыэлектрычныя гетэраструктуры, што ўтрымліваюць пласт магнітнага дыэлектрыка з перфараваным нанаслоем золата. Распрацоўка валодае рэкордным значэннем магнітааптычнага эфекту. Створаныя метаматэрыялы неабходныя для распрацоўкі звышдакладных фатонных прылад.
Інстытутам фізікі сумесна з Інстытутам фізіка-арганічнай хіміі знойдзены шлях стварэння цвёрдацельных квантавых камп'ютараў на аснове алмазу. Знойдзены «астравок стабільнасці» ў становішчы ізатопа вугляроду 13С адносна NV-цэнтра ў алмазе, для якога час кагерэнтнасці ядзернага спіну 13С пры пакаёвай тэмпературы складае дзясяткі хвілін. Гэта дазваляе значна павялічыць лік лагічных аперацый.
У Інстытуце прыкладной фізікі распрацаваны новы фаза-часавы метад распазнання падпаверхневых аб'ектаў пры імпульснай радыёлакацыі. Метад дазваляе адрозніваць падпаверхневыя аб'екты, якія маюць аднолькавую форму, але розныя дыэлектрычныя ўласцівасці.
Аб'яднаным інстытутам праблем інфарматыкі сумесна з Рэспубліканскім цэнтрам пухлін шчытападобнай залозы Міністэрства аховы здароўя Беларусі выяўлены новы маркер пухліны шчытападобнай залозы. Маркер дае магчымасць разлічыць ступень агрэсіўнасці карцыномы і тым самым спланаваць лячэнне.
Навукоўцы Інстытута біяарганічнай хіміі расшыфравалі прасторавую структуру найважнейшага мембраннага гемапратеіду чалавека. Вынік з'яўляецца ключавым у пошуках малекулярных механізмаў узнікнення паталагічных станаў, звязаных з парушэннем утылізацыі халестэрыну і біясінтэзу жоўцевых кіслот.
Інстытутам генетыкі і цыталогіі выяўленыя паліморфныя варыянты спецыфічных генаў чалавека, якія можна выкарыстоўваць як эфектыўныя маркеры для выяўлення схільнасці да астэапаратычных змен.
Інстытутам фізіялогіі сумесна з Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтрам отарыналарынгалогіі Міністэрства аховы здароўя ўстаноўлена, што зніжэнне адчувальнасці хемарэцэптараў мозгу да вуглякіслага газу ў сне з'яўляецца ключавой прычынай спынення дыхання ў пацыентаў з дыягназам абструктыўнага апноэ сну.
Навукоўцамі Інстытута радыебіялогіі створана шматпараметрычная імавернасная мадэль, якая выкарыстоўвае эмпірычныя дадзеныя і метад максімальнай энтрапіі, для ацэнкі другаснага пераразмеркавання радыёнуклідаў (плутонія-239, -240 і цэзія-137) у натуральных экасістэмах ў выніку лясных пажараў. З дапамогай мадэлі можна рабіць ацэнку дынамікі аб'ёмнай радыеактыўнасці ў прыземным слоі паветра і ў вадаёмах, у тым ліку ў зоне радыеактыўнага забруджвання.
Інстытутам фізіялогіі на аснове сучасных дыягнастычных метадаў даследавання клетак міякарда ўстаноўленыя ультраструктурныя прыкметы іх ранняга паражэння, выяўленасць якіх з'яўляецца крытэрам для выбару тактыкі лячэння пацыентаў з кардыяпаталогіяй.
Інстытутам біяфізікі і клетачнай інжынерыі ўстаноўлена, што комплексы, якія ўключаюць поліамідаамінныя і фосфарныя дэндрымеры, звязаныя з рыбанукляінавымі кіслотамі, з'яўляюцца нетаксічнымі і высокаэфектыўнымі для генетычнай тэрапіі злаякасных наватвораў.