Калі ўрад не прыме дадатковых рашэнняў на валютным рынку, многія беларускія прадпрыемствы могуць спыніць працу, заявіў у інтэрв'ю БелаПАН сустаршыня Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Віктар Маргелаў. 

Паводле яго слоў, пасля ўвядзення камісійнага збору пры куплі замежнай валюты многія прадпрыемствы апынуліся на мяжы банкруцтва. «Пакуль імпарцёры прыпынілі працу, а надалей могуць прыпыніць працу арганізацыі, дзейнасць якіх звязана з імпартам. У сувязі з гэтым можам атрымаць спад у працы прамысловых прадпрыемстваў», — сказаў Маргелаў. 

У новых умовах працы на фінансавым рынку многім арганізацыям пагражае банкруцтва ў сувязі з вялікімі валютнымі абавязацельствамі. «Папалі» тыя, хто мае валютныя крэдыты, увёз без перадаплаты імпартны тавар і многія іншыя катэгорыі прадпрыемстваў», — адзначыў сустаршыня канфедэрацыі. 

Сітуацыю, паводле яго слоў, ускладняе тое, што ўстаноўлены падатак на куплю замежнай валюты прадпрыемства павінны выплачваць за кошт чыстага прыбытку. «Гэты збор даводзіцца выплачваць варварскім спосабам», — падкрэсліў Маргелаў. 

Каб пазбегнуць цяжкіх наступстваў для эканомікі неабходна як мага хутчэй выходзіць на адзіны курс долара і наводзіць парадак на валютным рынку, перакананы сустаршыня Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва. 

Як вядома, 19 снежня беларускія ўлады аб'явілі аб увядзенні 30-працэнтнага збору, які юрыдычныя і фізічныя асобы павінны выплачваць пры куплі замежнай валюты. Праз дзесяць дзён памер збору пры куплі замежнай валюты быў зніжаны да 20%. Такое рашэнне Нацбанк растлумачыў «нармалізацыяй сітуацыі на фінансавым і валютным рынках краіны». 

Пасля ўвядзення збору беларускія бізнес-саюзы накіравалі ва ўрад ліст, у якім заклікалі прызнаць факт дэвальвацыі беларускага рубля і правесці яе афіцыйна з 1 студзеня 2015 года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0