Актывіст Кансерватыўна-хрысціянскай партыі — БНФ Сяргей Каваленка 3 студзеня вызваліўся з ізалятара часовага ўтрымання Віцебска. 

Нагадаем, Каваленка быў затрыманы 24 снежня неўзабаве пасля таго, як на шматпавярховым доме ў цэнтры Віцебска быў вывешаны вялікі бел-чырвона-белы сцяг. Суддзя Першамайскага раёна Віцебска Андрэй Прэйс 27 снежня прыгаварыў актывіста да 10 сутак адміністрацыйнага арышту. Каваленку прызналі вінаватым ва ўчыненні дробнага хуліганства па арт. 17.1 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях. Актывіста, у прыватнасці, абвінавацілі ў тым, што ён спраўляў патрэбу ў грамадскім месцы і аказваў супраціўленне супрацоўнікам міліцыі. У знак пратэсту супраць несправядлівага затрымання 39-гадовы Каваленка аб'явіў галадоўку, якую трымаў увесь гэты час. 

Паразмаўляць з Сяргеем Каваленкам пакуль не ўдалося, ён быў заняты і не змог падысці да тэлефона, але, як паведаміла БелаПАН яго жонка, Сяргей вызваліўся ў 16.45 і адчувае сябе ў цэлым нармальна, нягледзячы на галадоўку. Верагодней за ўсё, Каваленка будзе абскарджваць прыгавор. 

Сяргей Каваленка неаднаразова затрымліваўся міліцыяй. Тры гады таму яго судзілі за вывешванне бел-чырвона-белага сцяга на галоўнай навагодняй ёлцы Віцебска. У месцах пазбаўлення волі ён аб'явіў галадоўку, якая доўжылася каля двух месяцаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?