З 4 да 7 студзеня 2015 г. у Мінску на двух хакейных арэнах пройдзе XI Калядны міжнародны турнір сярод аматараў хакея на прызы прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Вядома, што ў спаборніцтвах зноў прыме ўдзел каманда Аляксандра Лукашэнкі. Кіраўнік Беларусі заяўлены пад першым нумарам. Але цікавая сітуацыя: Лукашэнка – фактычна адзіны прадстаўнік каманды, які не мае прафесійнага хакейнага мінулага.

Сярод партнёраў Лукашэнкі нямала хакеістаў, якія яшчэ не скончылі прафесійную кар'еру. Ёсць дыскваліфікаваны за допінг спартсмен. А вось сыноў і чыноўнікаў няма зусім. Паглядзім, хто ж будзе прадстаўляць «каманду №1» на калядным турніры.

Сяргей Шабанаў

Гэты брамнік у прадстаўленнях не мае патрэбы. Доўгія гады ён быў пастаянным зменшчыкам у зборнай Беларусі легендарнага Андрэя Мезіна. Ездзіў на прафесійныя чэмпіянаты свету і нават на Алімпіяду (2002). Быў чэмпіёнам Беларусі ў складах мінскіх «Цівалі» і «Юнацтва». У свае зусім ужо не юнацкія 40 гадоў Шабанаў застаецца дзейных хакеістам. Цяпер ён абараняе колеры «Дынама-Маладзечна».

Дзмітрый Баскаў

У свой час гэты галкіпер «хадзіў у перспектыўных». Выклікаўся за юніёрскую зборную краіны. Але ў дарослым хакеі, на жаль, значных вышыняў дасягнуць не змог. Значную частку кар’еры ён правёў у камандах-андэрдогах – «Віцебску» і «Брэсце». Тым не менш, гэта не перашкодзіла яму атрымаць узнагароду «За працоўныя заслугі» з рукі Лукашэнкі. Вядома ж, адзначаны быў за гульню за прэзідэнцкую каманду. Цяпер Баскаў з’яўляецца дырэктарам ДЮСШ мінскага «Дынама».

Сяргей Стась

Цяжка паверыць, але Сяргей Стась быў удзельнікам першага ў гісторыі матча зборнай Беларусі па хакеі. У 1992-м годзе беларусы саступілі ўкраінцам – 1:4. Яшчэ цяжэй паверыць у тое, што Стась-старэйшы па-ранейшаму ў выдатнай форме. У свае 40 ён дае яшчэ фору многім партнёрам у «Гомелі». У Стася была багатая кар’ера, якая ўмясціла ў сябе з паўтузіна клубаў мінорных ліг ЗША і выдатнае рэнамэ, якое ён заслужыў у чэмпіянаце Германіі. Стасі – гэта хакейная дынастыя. У гэты від спорта таксама гуляюць брат Сяргей Андрэй і сын Сяргей.

Аляксей Плотнікаў

Хакейныя азы Плотнікаў спасцігаў у суровых расійскіх гарадах – Уфе і Хабараўску. Пасля чаго гульца запрасіў гродзенскі «Нёман». Плотнікаў таксама дзейны хакеіст – зусім нядаўна ён стаў аўтарам 600-ай шайбы салігорскага «Шахцёра» ў чэмпіянатах Беларусі. У адным з інтэрв’ю ён казаў, што «гульні за прэзідэнцкую каманду незабыўныя».

Яўген Летаў

Летаў народжаны ў Казахстане, але ад 2001 года пастаянна жыве і гуляе ў Беларусі. Праўда, за гэты час змяніў усяго дзве каманды – «Магілёў» і «Гомель». У 2013-м ён прыняў рашэнне завяршыць кар’еру прафесійнага хакеіста.

Аляксандр Аляксееў

Як і Стась, Аляксееў прымаў удзел у першай гульні нацыянальнай зборнай Беларусі ў 1992-м. Праўда, канькі на цвік гэты хакеіста павесіў нашмат раней. Аляксееў прымаў удзел у Алімпіядзе 1998 у Нагана. Гуляў у Польшчы, Германіі, Даніі.

Алег Мікульчык

Ну а гэты хакеіст у мінулым меў досвед выступаў нават у НХЛ. У 1995-96 гадах абаронца правёў некалькі дзясяткаў матчаў за «Анахайм Майці Дакс». Мікульчык заслужыў сабе славу жорсткага, ці нават грубага гульца. Задзірацца з такім сабе ў шкоду. Колькі разоў ён прызнаваўся самым недысцыплінаваным хакеістам чэмпіянату Расіі (набіраў больш за ўсіх штрафных хвілін). Мабыць, іншым хакеістам выходзіць на лёд з такім байцом зусім не страшна.

Уладзімір Світа

Кар’ера гэтага хакеіста ішла не надта ярка. Яна ўвогуле блізілася да свайго завяршэння, пакуль у Беларусь не прыехаў канадзец Глен Хэнлан. Менавіта ён запрасіў Світу ў нацыянальную зборную, у складзе якой гулец правёў пару някепскіх чэмпіянатаў свету.

Аляксей Цітавец

Цяпер гэтае прозвішча згадваецца амаль выключна ў сувязі з камандай Лукашэнкі. У мінулым жа Цітавец пагуляў за прафесійныя беларускія і ўкраінскія каманды.

Аляксандр Макрыцкі

Ён заўсёды цэментаваў абарону зборнай Беларусі па хакеі. На рахунку Макрыцкага аж 152 гульні ў швэдры з надпісам Belarus. Па беларускіх мерках – гэта быў першакласны хакеіст.

Аляксандр Радзінскі

Па маладосці хакеіст нямала пакалясіў на мінорных лігах ЗША, але майстэрства прабіцца ў НХЛ так і не хапіла. Пагуляў за зборную за часамі Хэнлана. У 2012-м падаўся за доўгім рублём у кіеўскі «Сокал», але залатое жыццё ва ўкраінскім хакеі цягнулася нядоўга. Цяпер Радзінскі гуляе за жлобінскі «Металург».

Аляксей Страхаў

Яшчэ адзін дзейны хакеіст. Выступае за ХК «Віцебск».

Андрэй Міхалёў

У лютым 2013 года ў крыві гэтага хакеіста знайшлі забаронены прэпарат – метылгексанамін. Допінг-пробу ў хакеіста мінскага «Дынама» ўзялі падчас алімпійскай кваліфікацыі ў Даніі, дзе зборная Беларусі саступіла адзіную пуцёўку Славеніі. У выніку Міхалёў быў дыскваліфікаваны на два гады. Абмежаванні скончацца ў сакавіку сёлета. Міхалёў не выключае, што можа вярнуцца ў прафесійны спорт, пакуль падтрымлівае форму ў камандзе Лукашэнкі.

Алег Антоненка

Адзін з найлепшых форвардаў у гісторыі беларускага хакея. Меў мянушку «снайпер на даху», за тое, што забіваў самыя неймаверныя шайбы. Валодаў цудоўным кісцявым кідком. У адным з інтэрв’ю расказваў, што пару разоў выходзіў у першай пяцёрцы разам з Лукашэнкам, але ў асноўным гуляе ў другой пяцёрцы.

Вадзім Бекбулатаў

Хто не памятае легендарную першую тройку зборнай Беларусі па хакеі канца 90-ых Скабелка – Бекбулатаў – Андрыеўскі? Менавіта Бекбулатаў аддаваў пас на Уладзіміра Копаця падчас славутай гульні Беларусь – Швецыя на Алімпіядзе 2002. За зборную Беларусі правёў 91 гульню.

Андрэй Асташэвіч

Мабыць, адзіны чалавек, апроч самога Лукашэнкі, якога можна назваць аматарам, а не прафесіяналам. Хаця Асташэвіч і пачынаў у хакейнай школе «Юнацтва», але пасля арміі вырашыў не вяртацца ў прафесійны спорт. У камандзе Лукашэнкі ён, страшна падумаць, ад 1997 года. Цяпер Асташэвіч дырэктар РЦАП «Раўбічы», ён з’яўляецца адным з самых выніковых гульцоў прэзідэнцкай зборнай.

Максім Слыш

35-гадовы нападаючы мінскага «Юнацтва». Завяршаць кар’еру хакеіста пакуль не збіраецца.

Генадзь Савілаў

У чэмпіянатах Беларусі закінуў больш за 100 шайб. Прафесійную кар’еру завяршыў. «Цяпер гуляю раз у тыдзень. Можна сказаць, што хакея ў мяне столькі, колькі трэба: не засумуеш і не перанасыцішся», - казаў ён у адным з інтэрв’ю.

Вячаслаў Лісічкін

Самы малады гулец каманды Лукашэнкі – яму 34 гады. Удала выступае за гродзенскі «Нёман», з якім летась стаў чэмпіёнам Беларусі.

Сцяпан Панамароў

Заслужаны майстар спорту Беларусі (2007). Яшчэ летась выходзіў на лёд у складзе ХК «Віцебск». Цяпер дзіцячы трэнер у мінскім «Дынама».

Сяргей Задзялёнаў

І гэты нападаючы працягвае гульнявую кар’еру, выступаючы за наваполацкі «Хімік-СКА». У Сяргей за жыццё ў хакеі былі выступы за добрыя беларускія і расійскія клубы, нацыянальную каманду.

Павел Белы

Паспяховы бізнэсмэн, партнёр Лукашэнкі па першай тройцы атакі. Як бізнэсмэн займаецца будаўніцтвам і здачай памяшканняў у арэнду. Зрэшты, так было не заўсёды. Павел Белы вельмі добра пачынаў у хакеі, яго нават набыў уфімскі «Салават Юлаеў», аднак траўма спіны не дала развярнуцца сярод прафесіяналаў.

Дзяніс Мацюхін

Прозвішча гэтага чалавека цяпер гучыць толькі ў звязцы з камандай Лукашэнкі, але Мацюхін доўгі час выступаў на прафесійным узроўні.

Алег Малашкевіч

Легенда гродзенскага хакея. Доўгія гады хакейнага жыцця ён аддаў на дабро для мясцовага «Нёмана». Неяк казаў, што для прэзідэнцкай каманды ў яго не заўсёды хапае часу. «Ёсць там хлопцы, якія скончылі гуляць зусім нядаўна, яны памацней», - казаў Малашкевіч.

Павел Мікульчык

Родны брат Алега Мікульчыка. Праўда, такіх поспехаў на лёдзе не дабіўся. Пагуляў у ЗША, Украіне, за «Гомель», «Юнацтва», «Дынама», «Хімвалакно», «Брэст».

Сяргей Шыткоўскі

Пры ягоным удзеле адбывалася станаўленне беларускага хакея. Удзельнік усіх першых чэмпіянатаў свету ў складзе зборнай Беларусі. Бамбардзір ад нараджэння.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?