04.01.2015 / 18:28

Польшча гатовая пастаўляць Украіне любую зброю

Варшава гатовая да любых прапаноў Украіны адносна паставак зброі, сказаў у інтэрв'ю польскаму радыё RMF FM міністр нацыянальнай абароны Томаш Сямоняк.

«Наша прамысловасць адкрытая. Мы адкрытыя да любых замоваў з боку Ўкраіны», — сказаў міністр.

Польскі танк Leopard 2.

Таксама ўкраінскія вайскоўцы ўжо ў бліжэйшы тэрмін атрымаюць новы рыштунак, зімнюю ўніформу і харчовыя пайкі стандартаў НАТА, піша партал polska-zbrojna.pl пасля сустрэчы міністра абароны Польшчы Томаша Сямоняка з паслом Украіны ў Варшаве Андрэем Дзяшчыцай.

Гэта будзе другі транспартны канвой, адпраўлены Польшчай для дапамогі ўкраінскай арміі, паведаміў прэс-сакратар МА Польшчы Яцэк Зонта. Першая такая пастаўка адбылася ў другой палове жніўня мінулага году, калі на баку расійскіх баевікоў пачалі ваяваць і рэгулярныя часткі расійскай арміі.

Міністр абароны і амбасадар абмеркавалі працу па стварэнні сумеснай літоўска-польска-ўкраінскай брыгады, дамова пра фармаваньне якой была падпісана 19 верасня 2014 году.

Міжнароднае вайсковае злучэнне мусіць складацца з 4.500 салдат і размяшчацца ў Польшчы. Для Ўкраіны стварэнне брыгады - перш за ўсё магчымасць падрыхтоўваць сваіх афіцэраў і салдат па стандартах НАТА і дэманстрацыя палітычнай прыхільнасці да ўзаемадзення з НАТА.

Аляксандр Гелагаеў