Прома-відэа гульні

Што адбылося 500 год таму пад Оршай? «Гэта знакавая бітва, якая паказвае беларускае вайсковае майстэрства, — распавядае Мікалай Тамашэвіч, дырэктар арт-студыі «PRAS». З пункту гледжання перамогі ў вайне, то канечне, вайну «злілі». Але з пункту гледжання вайсковай тактыкі вельмі цікавая бітва. Плюс гістарычнае значэнне мае, парушыла пэўныя альянсы. Але галоўнае, што гэта бліскучы прыклад перамогі войскаў ВКЛ, тактыкі ВКЛ, зброі…».

У якасці кіраўнікоў маскоўцаў (так склаўся лёс) я і Мікалай, войскамі Канстантына Астрожскага камандуюць «прасаўцы» Аляксей і Лізавета.

Мікалай, Лізавета і Аляксей.

Мікалай, Лізавета і Аляксей.

На тлумачэнне складанага варыянту правіл сыходзіць каля пяці хвілін. У складаным варыянце розныя віды войскаў маюць розную хуткасць і магутнасць, можна выклікаць праціўніка на бой. Ёсць яшчэ і спрошчаная «дзіцячая» версія: колькі выпала на кубіку, на столькі і ходзіш ці б’еш. Распрацоўшчыкі гульні тым часам раскладаюць начыненне белай каробкі з надпісам «1514 — эпічная настольная гульня».

Працэс адбываецца на папяровай карце, дзе абрысаваны выкручасты шлях войскаў. На ёй відаць і Аршанскі замак, і лагер маскоўскіх войскаў, і рака, і невялічкія вёскі. Не сказаць, што эпічна, але малявалася старанна.

«Поле гэта мастацкая рэканструкцыя Крапівенскага поля. Там, бачыце, рэчка ідзе Крапівенка. Тут намалявалі ўзгорак — калі былі, бачылі, — распавядае Аляксей пра карту, на якой адбываецца гульня. Адзінае, што мы прыдумалі, гэта перацягнулі саму Оршу. Яна знаходзіцца за некалькі кіламетраў ад гэтага поля, мы яе перацягнулі сюды. Каб было прывязана да Оршы, каб не нейкае абстрактнае поле атрымалася. Сам Аршанскі замак — мы знайшлі маленькую гравюрачку, там нічога было не зразумела. Таму мы абапіраліся на замкі, што тады існавалі, па абрысах гравюры «па матывах» зрабілі такі прадукт».

Звыкаю да ролі маскоўца, ацэньваю дарогу ад свайго сціпленькага лагеру да вялізнага замку. Задача кожнага боку — прывесці тры сваіх фігуркі-войскі (пяхоту, конніцу і гарматы) у лагер суперніка. Гульцоў можа быць ад двух да шасці. Яны па чарзе кідаюць кубік — у залежнасці ад таго, колькі выпадзе, фігуркі перасоўваюцца на пэўную адлегласць. Таксама кубік вырашае вынікі бітваў, калі войскі праціўнікаў становяцца на небяспечнай адлегласці.

Пункты на карце чаргуюцца — белы, чырвоны і чорны. Чырвоны нясе хутчэй за ўсё «добрую вестку» (выцягваецца чырвоная картка, што дае меркавана станоўчы бонус), чорная нясе «злую вестку» (выцягваецца «адмоўная» чорная картка), белая нейтральная (картка не выцягваецца).

Але карткі не заўсёды нясуць адназначны вынік. «Гэта залежыць ад сітуацыі на полі, на якім этапе гульня. Адна картка напачатку можа дзейнічаць станоўча, спрыяльна, у іншай сітуацыі можа быць непрыемна, непатрэбна», — распавядае Лізавета.

Што нам, маскоўцам, што праціўнікам-літвінам, дасталося па тры фігуркі войскаў. Дык не так жа ўсё было, гісторыкі кажуць, што ў Масквы было болей войскаў! Пытаю, дзе гістарычная справядлівасць (і некалькі маіх лішніх фігурак).

«Па-першае, гэтыя… колькі… 30 на 80 тысяч чалавек — невядома дакладна, колькі было, гісторыкі па-рознаму кажуць. Па-другое, тут жа не поўная рэканструкцыя. Калі выкарыстаем рэальнае суадношанне сіл, гульня цікавай не атрымаецца», — тлумачыць Мікалай.

Самі фігуркі войскаў адрозніваюцца: белыя пехацінцы «апранутыя» па тагачаснай літоўскай модзе, чырвоныя — «кананічныя» маскоўцы.

Пачынаем гуляць. У бой ірвецца маскоўская конніца. Рвецца з маёй лёгкай рукі слабенька: на кубіку выпала «1». Але конніца хуткая, мае бонус у два крокі да таго, што выпала на кубіку. Трапляю на белую клетку, бонус не выцягваю. Вораг выкідае «6», таксама застаецца без карткі. Наступным ходам Масква выкідае «4», атрымлівае «станоўчую» картку: «Хутчэй да перамогі, зрабіце крок наперад»…

На пачатку гульня здаецца крыху нуднай: вядзеш войскі наперад, часам іх адкідае назад чорнымі карткамі. Цікаўлюся, ці праводзілі стваральнікі гульні тэсты на жывых людзях. «Тыя, хто разбіраецца ў «настолках» і мае калекцыю «настолак», дапамагалі распрацоўваць правілы, удзельнічалі ў стварэнні», — распавядае Лізавета.

Але нудна толькі да першай сутычкі. Лізавета звяртае ўвагу на картку, якую толькі што выцягнула. «Вашае войска ў лютасці, падыдзіце да бліжэйшай фігуры суперніка». Праз палову карты лятуць літоўскія гарматы, іх сустракае маскоўская пяхота (што, пэўна, споўзала на выведку перад конніцай). У баі з гарматамі пяхота не надта эфектыўная, гарматы маюць +2 да таго, што выкінуць на кубіку. А на кубіку яшчэ і «6». Пяхота прайграе, адступае назад.

Чаму абраны менавіта такі фармат бітвы? «Мы доўгі час займаліся «Беларускімі шахматамі» (гульня для Windows — НН), неяк узнікла жаданне зрабіць нешта падобнае, ды і 500 год бітвы пад Оршай было. Захацелася зрабіць нешта такое, чаго яшчэ няшмат», — тлумачыць Мікалай.

Настольныя гульні папулярныя ў кампаніях сяброў ці ў антыкафэ, але гульні з беларускай тэматыкай дагэтуль можна пералічыць па пальцах адной рукі. «Яшчэ і прывязка да паверхні, да прасторы таго часу», — дадае Лізавета.

Тым часам на полі фігуры перамешваюцца, пачынаюцца частыя баі. Перад тым, як выклікаць на бой, гульцы ўжо думаюць, ці варта яно таго. Камбінацыі сіл розных відаў войскаў Аляксей звярае па паперцы. Нашай конніцы ўжо відно Оршу, але і войскі Астрожскага падбіраюцца да маскоўскага лагеру, недалёка ад якога «заселі» гарматы.

Мікалай распавядае, што нейкіх спецыфічных даследаванняў аўдыторыі ці адмысловага падбору фармату гульні не было. На каго тады разлічаная гульня, хто яе купляў? «Яе набываюць найперш тыя, хто хоча зрабіць падарунак сябрам, хто цікавіцца гісторыяй», — распавядае Лізавета. «На прэзентацыю прыйшлі ў асноўным актыўныя маладыя людзі, 20+», — прыгадвае Аляксей. Ён памятае, як многа хто на прэзентацыі застаўся гуляць да ночы.

Пакуль наша конніца няўпэўнена топчацца на подступах да Оршы, а пяхота і гарматы «завіслі» ў баях з літоўскімі войскамі, цікаўлюся камерцыйнай паспяховасцю праекту. Друкаваць было выгадна наклад тысячу асобнікаў, ды і асаблівай рэкламы гульні не рабілася. Прадаецца яна пераважна ў інтэрнэце, ёсць у некалькіх «афлайнавых» пунктах (пераважна Мінск, ёсць у Гродне), з’яўляецца на тэматычных імпрэзах. 

Можа беларуская «настолка» быць прыбытковай? «Можа, калі яе перакласці на іншыя мовы», — сцвярджае Мікалай. Прапановы з-за мяжы, кажуць распрацоўшчыкі, ужо былі. Але на выданне трэба грошы саміх выдаўцоў — распрацоўшчыкі жа гатовыя прадставіць усё патрэбнае для перакладу і выдання.

Пакуль абмяркоўваліся фінансы, на Крапівенскім полі паспела адбыцца выведка боем, некалькі выклікаў на бой, паўстанне сялян. Літоўскія ваяры кажуць, што бачылі камету (благі знак, варта адступаць). А коннікі адзначылі добрую работу фуражыраў (што прасунула іх на клетку наперад). 

Дыслакацыя літвінаў мне цяпер зусім не падабаецца, ды і нашых пяхоту з артылерыяй баі не прапускаюць да варожага замку. Асаблівай перавагі ў войска ВКЛ праз тое, што там два дасведчаныя гульцы (супраць навічка-мяне і вопытнага Мікалая), няма. Уцягнуцца ў гульню лёгка, нават калі кубік з карткамі не на тваім боку.

Самі «прасаўцы» — аматары настольных гульняў. Любімая — «Дыпламатыя». «У яе, здаецца, ніводнага разу не дагулялі да канца, яна патрабуе гадзін дзесяць, каб скончыць. Але можна ўсю Еўропу захапіць», — кажа Аляксей. У «1514» яны і зараз гуляюць на працы — часам у новым будынку, дзе месціцца офіс «PRAS», адключаецца святло, застаецца толькі гульня. Любяць гуляць па 6 чалавек, калі кожны нясе «персанальную адказнасць» за адну фігуру.

Распрацоўку наступнай «настолкі» студыя пакуль не плануе. Ідэй багата, але ёсць і іншая праца. Хай ствараць такую гульню і было ў асалоду. Дый «1514» яшчэ трэба прадаваць — сама студыя таго не мае права рабіць, яна шукае партнёраў-распаўсюднікаў.

Тым часам літоўскія войскі захапілі наш лагер. А да Оршы дабралася адно маскоўская конніца, нагнаць яе пяхота не здолела, а артылерыю «злыя» карткі і напружаныя баі пакінулі на самым пачатку. Усё, бітва завершаная. Правяраю — на дыктафоне запіс паспяхова захаваўся, гадзіна і 23 хвіліны. Развітваюся з распрацоўшчыкамі гульні, нібы знаёмы з імі з месяц.

Дзе набыць гульню «1514»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?