7 студзеня — праваслаўнае Раство Хрыстова. А ў каталікоў ксяндзы пачынаюць каляднае наведваньне дамоў і кватэраў вернікаў, у тым ліку ў Горадні.
Дні, час, адрасы ўчора назваў сьвятар ў гарадзенскім Катэдральным касьцёле пасьля заканчэньня аднаго з самых прыгожых сьвятаў —Аб’яўленьня Езуса Хрыста, якое яшчэ звычайна называюць сьвятам «Трох каралёў».
Каспар, Мэльхіёр, Бальтазар — так звалі ўсходніх мудрацоў ці валхвоў, якіх таксама называюць каралямі, што прыйшлі прывітаць нованароджанага Хрыста. Яны прынесьлі ў падарунак кадзідла з ладанам —на знак таго, што ён — сапраўдны Бог, золата — як прызнаньне яго ўладаром, каралём і міра — сьведчучы, што ён таксама — як усе людзі…
Ксёндз на беларускай імшы патлумачыў, што ініцыялы трох каралёў — Каспара, Мэльхіёра, Бальтазара таксама тлумачаць як першыя літары лацінскай фразы, сэнс якой — «Хрыстос бласлаўляе гэтае памяшканьне”, значыцца той дом ці кватэру, на дзьвярах якіх вернікі пішуць крэйдай К+М+Б 2008».